Белорусский портал в Казахстане

Новыя паклады нафты адкрыты ў Гомельскай вобласці



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе аб`яднання "Беларуснафта".

У Гомельскай вобласці адкрыты новыя паклады нафты. Насычаны вуглевадароднай сыравінай пласт выяўлены ў паўднёвай частцы рэгіёна.

Фантанны прыток бязводнай нафты быў атрыманы ў Хойніцкім раёне ў выніку будаўніцтва разведачнай свідравіны нумар 5 Заходне-Калінінскага радовішча на глыбіні 4236-4241 м. Начальны дэбіт свідравіны склаў амаль 30 т у суткі.

Новыя паклады выяўлены ў час даразведкі пры асваенні саргаеўскага гарызонту Заходне-Калінінскага радовішча, адкрытага ў мінулым годзе. Прабураная свідравіна дапамагла спецыялістам удакладніць яго будову, пацвердзіць наяўнасць пакладаў нафты ў сямілукскіх адкладах.

У Беларусі ў распрацоўцы знаходзяцца больш як 60 радовішчаў нафты. Агульны фонд свідравін складае амаль тысячу адзінак, у іх ліку звыш 700 здабыўныя (90 працэнтаў эксплуатуюцца механізаваным спосабам з выкарыстаннем электрацэнтрабежных і штангавых глыбінных помпаў).

Вытворчае аб`яднанне "Беларуснафта" створана ў 1966 годзе. Прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў нафтавай сферы іншых краін, у тым ліку Расіі, Украіны, Венесуэлы, Эквадора.

9 чэрвеня 2014, Гомель
Валерый Сідорчык - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/806/26222
Текущая дата: 17.11.2024