Белорусский портал в Казахстане

Сацыяльна слабаабароненых катэгорый насельніцтва ўказ Прэзідэнта аб павышэнні мінімальнага стажу для атрымання пенсіі з 5 да 10 гадоў не закране



Аб гэтым паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Наталля Мурашкевіч.

Ранейшыя ўмовы па мінімальнаму стажу захоўваюцца для сацыяльна слабаабароненых катэгорый насельніцтва, якім сёння прадастаўляецца права выйсці на пенсію раней за дасягненне агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. "Гэта бацькі інвалідаў з дзяцінства, інваліды з дзяцінства, інваліды вайны, ліліпуты, карлікі. Указ не закране таксама шматдзетных маці. Прычым менавіта тых, у каго ёсць права на датэрміновую пенсію, інакш кажучы, хто мае пяць і больш дзяцей, выхаваў іх да 8-гадовага ўзросту", - растлумачыла Наталля Мурашкевіч.

У Мінпрацы і сацабароны нагадалі, што таксама не зменяцца ўмовы для назначэння пенсій па інваліднасці, па прычыне страты карміцеля.

Згодна з указам Прэзідэнта нумар 389 "Аб некаторых пытаннях пенсійнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання" патрабаванне аб наяўнасці 10 гадоў мінімальнага стажу будзе прымяняцца пры назначэнні пенсіі пачынаючы з 1 студзеня 2014 года.

6 верасня 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/833/23202
Текущая дата: 17.11.2024