Генеральная пракуратура ў ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе ўстанавіла імёны катаў беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд з ліку літоўскіх і латышскіх карнікаў, якія знішчалі мірных жыхароў на тэрыторыі БССР, а таксама канкрэтныя злачынствы, якія былі ўчынены імі.
Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні ўзаемадзеяння са СМІ і рэдакцыйнай дзейнасці нагляднага ведамства.
Са спісам нацысцкіх злачынцаў з ліку латышскіх і літоўскіх карнікаў, а таксама ўчыненымі імі злачынствамі можна азнаёміцца на сайце Генпракуратуры. Па меры атрымання новых звестак спіс будзе дапаўняцца. Ён змяшчае звесткі як пра асуджаных асоб, так і падазроных ва ўчыненні злачынстваў у адносінах да мірнага насельніцтва, ваеннапалонных і партызан.
У наглядным ведамстве падкрэслілі: пасля вывучэння гэтага спіса не застаецца сумненняў, што адмовы палітычных эліт Літвы і Латвіі ў аказанні прававой дапамогі ў расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа пад відам "прычынення шкоды іх суверэнітэту або бяспецы, правам і законным інтарэсам грамадзян" надуманыя. У Генпракуратуры лічаць, што такая пазіцыя сведчыць аб адкрытым саўдзельніцтве ва ўтойванні ваенных злачынцаў, элементарным адмаўленні каштоўнасці чалавечага жыцця, ухіленні ад рэалізацыі прынцыпу немінучасці адказнасці і ігнараванні міжнародных абавязацельстваў.
На тэрыторыі БССР у гады вайны для знішчэння насельніцтва дзейнічалі падраздзяленні 2-га батальёна літоўскай паліцыі, сфарміраванага нацыстамі з ліку літоўскіх нацыяналістаў. 2-і батальён, які прыбыў у БССР у кастрычніку 1941 года, пасля перайменаваны ў 12-ы батальён, удзельнічаў у знішчэнні вязняў лагераў смерці, расправах над мірнымі жыхарамі, знішчэнні і рабаванні населеных пунктаў.
У выніку злачыннай дзейнасці 2-га (12-га) літоўскага батальёна з чэрвеня 1941 года па ліпень 1944-га на тэрыторыі сучаснай Беларусі было забіта звыш 31 тыс. мірных жыхароў і знішчана не менш як 28 населеных пунктаў.
У жніўні 1941 года ў Каўнасе былі сфарміраваны 3-і і 11-ы батальёны літоўскай паліцыі, члены якіх таксама актыўна ўдзельнічалі ў правядзенні карных аперацый супраць мірных жыхароў на акупаванай тэрыторыі БССР, знішчэнні і рабаванні населеных пунктаў.
Так, 14 кастрычніка 1941 года пры ўдзеле 11-га літоўскага батальёна паліцыі ў час аперацый у мястэчку Смілавічы Мінскай вобласці знішчана амаль 1,3 тыс. чалавек, а іх маёмасць разрабавана. З 21 жніўня па 30 верасня 1942-га 3-і літоўскі батальён удзельнічаў у карнай аперацыі "Балотная ліхаманка" ў лясах паміж Мінскам і Баранавічамі, у час якой былі забіты 389 партызан і звыш 9 тыс. мірных жыхароў.
Нацысты і іх памагатыя актыўна стваралі латышскія ваенна-паліцэйскія фарміраванні, да якіх адносіліся Латышская добраахвотніцкая брыгада СС у складзе 1-га (16-ы, 19-ы і 21-ы батальёны службы парадку) і 2-га (18-ы, 24-ы і 26-ы) палкоў, латышскія паліцэйскія батальёны, Латышская добраахвотніцкая брыгада СС, 19-я латышская добраахвотніцкая дывізія Вафен-СС і латышскія сілы СД, якія атрымалі найменне Латышскі легіён СС. Да канца 1942 года з Латвіі ў Ганцавічы Брэсцкай вобласці прыбыў яшчэ адзін сфармаваны - 271-ы латышскі паліцэйскі батальён. Падраздзяленні латышскіх карнікаў прымалі непасрэдны ўдзел у маштабных аперацыях па знішчэнні беларускага насельніцтва з 1942 па 1944 год, знішчэнні і рабаванні населеных пунктаў.
У ліпені 1941 года па загадзе камандзіра айнзатцгрупы "А", начальніка СД рэйхскамісарыята "Остланд" Вальтэра Шталекера створана падраздзяленне дапаможнай латышскай паліцыі, якое пасля атрымала неафіцыйную назву "каманда Арайса". Кіраўніком гэтага фармавання быў назначаны Віктар-Бернхарт Тэадоравіч Арайс - былы паліцэйскі, у далейшым штурмбанфюрар СС. Латышскія калабарацыяністы з "каманды Арайса" ахоўвалі канцэнтрацыйны лагер Малы Трасцянец на працягу першага года функцыянавання, вясной 1942 года непасрэдна ўдзельнічалі ў ліквідацыі Мінскага гета, а летам 1942-га - у знішчэнні яўрэяў з Трэцяга рэйха і пратэктарата Багеміі і Маравіі ў канцэнтрацыйным лагеры Малы Трасцянец.
Акрамя таго, у лютым - сакавіку 1943 года на тэрыторыі БССР з удзелам падраздзяленняў латышскіх ваенізаваных фармаванняў праведзена карная аперацыя "Зімовае чараўніцтва". Яе мэтай было стварэнне мёртвай зямлі, гэта значыць тэрыторыі, на якой выключалася пражыванне насельніцтва ў паласе шырынёй 30-40 км уздоўж латвійскай граніцы. Знішчана больш за 430 населеных пунктаў, забіта амаль 12 тыс. мірных грамадзян і больш як 7 тыс. чалавек пагнана на прымусовыя работы. Між тым у афіцыйных дакументах акупацыйныя ўлады знішчэнне мірнага насельніцтва БССР утойвалі пад цынічнымі назвамі "супакаенне", "спецыяльная апрацоўка" і інш.
11 верасня 2023, Мінск
БЕЛТА
11 верасня 2023, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/84/70969
Текущая дата: 17.11.2024