Конкурс на лепшае добраўпарадкаванне тэрыторый арганізацый аховы здароўя праходзіў з 1 па 10 верасня па ўсёй Беларусі. Удзел у ім прынялі лячэбныя ўстановы ўсіх узроўняў: ФАПы, раённыя, гарадскія і абласныя бальніцы, паліклінікі, РНПЦ і інш.
Вынікі конкурсу былі падведзены на пасяджэнні прэзідыума Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя. Першае месца заняў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава. Другое месца — РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі. Трэцяе месца заняў РНПЦ «Кардыялогія».
Пры падвядзенні вынікаў камісія ўлічвала розныя крытэрыі: агульнае эстэтычнае афармленне будынкаў і вытворчых тэрыторый арганізацый аховы здароўя, наяўнасць і разнастайнасць элементаў азелянення, добраўпарадкаванне кветнікаў, планіроўку і абнаўленне газонаў, наяўнасць і стан кампазіцый, малых архітэктурных формаў, лавак, альтанак. Увагу таксама надалі якасці і своечасовасці ўборкі тэрыторыі, яе ўтрыманню ў належным санітарным стане.
Пераможцы атрымаюць грашовыя прызы, астатнія ўдзельнікі — дыпломы. Ад Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя ўсе ўдзельнікі атрымаюць тэхніку, якая палягчае догляд за тэрыторыяй.
Звязда, 12 верасня 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/84/71007
Текущая дата: 17.11.2024