Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не бачыць неабходнасці ў далейшым пашырэнні існуючых свабодных эканамічных зон



Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 9 ліпеня, наведваючы на тэрыторыі СЭЗ "Магілёў" пабудаваныя літоўскімі інвестарамі дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Прысутныя чыноўнікі, у тым ліку старшыня КДК Аляксандр Якабсон і міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, згадзіліся, што далейшае пашырэнне і развіццё такіх зон з`яўляецца немэтазгодным. Гэта ў тым ліку звязана з тым, што на тэрыторыі малых гарадоў і населеных пунктаў Беларусі інвестары могуць карыстацца практычна аналагічнымі льготамі, як і рэзідэнты СЭЗ. Адначасова адкрыццё там новых вытворчасцей дасць магчымасць стварыць рабочыя месцы і павысіць узровень даходаў насельніцтва.

"Лічу, што нам размахвацца тут няма чаго, і рабочых месц у нас дастаткова. Трэба думаць аб тым, каб, ствараючы прадпрыемства і прадастаўляючы прэферэнцыі, дзяржава штосьці ад гэтага мела", - адзначыў Прэзідэнт.

Міністр эканомікі ў сваю чаргу заўважыў, што, на яго думку, далей развіваць свабодныя эканамічныя зоны не трэба, паколькі на сённяшні дзень яшчэ далёка не ў поўнай меры асвоены тэрыторыі ўжо існуючых СЭЗ.

"Трэба сур`ёзна заняцца гэтым пытаннем і расставіць усе кропкі над "і", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што калі будзе інтарэс у прыходзе таго ці іншага інвестара, то ёсць іншыя спосабы для прадастаўлення канкрэтнаму прадпрыемству якіх-небудзь ільгот або прэферэнцый.

Аляксандру Лукашэнку далажылі аб дзейнасці свабодных эканамічных зон у Беларусі і, у прыватнасці, СЭЗ "Магілёў". У якасці паказальнага прыкладу было адзначана, што на кожны рубель затрат на стварэнне інфраструктуры таго ўчастка СЭЗ, які наведаў Прэзідэнт, на сённяшні дзень ужо атрымана 20 рублёў прыцягнутых замежных інвестыцый. А з улікам рыхтуемых да рэалізацыі праектаў гэта значэнне яшчэ значна ўзрасце. Плануецца, што ў 2015 годзе экспарт тавараў з тэрыторыі СЭЗ "Магілёў" складзе амаль $2 млрд.

Паводле слоў Мікалая Снапкова, усе СЭЗ даюць каля 10 працэнтаў агульнага аб`ёму экспарту, а па СЭЗ "Магілёў" - амаль палавіну ў рэгіянальным экспарце. Як растлумачыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік, гэта ў тым ліку звязана з тым, што перавагамі рэзідэнтаў свабоднай эканамічнай зоны на гэты момант карыстаецца шэраг буйных валаўтваральных прадпрыемстваў. Паводле слоў Прэзідэнта, такую практыку трэба паступова спыняць. "Давайце дамовімся так: гэту пяцігодку дапрацоўваем і ўсё, акрамя замежных прадпрыемстваў. Ім (дзяржпрадпрыемствам) час да канца пяцігодкі, і трэба прыглядацца да новых кіраўнікоў, якія будуць ведаць, што з 2015 года трэба будзе больш прыкладаць намаганняў і плаціць па поўнай стаўцы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як адзначыў Прэзідэнт, у Беларусі ўжо не стаіць востра пытанне з рабочымі месцамі, а таму, магчыма, няма неабходнасці прыцягваць з дапамогай СЭЗ прадпрыемствы і даваць ім пэўныя прэферэнцыі. "Больш мы не будзем гэтым займацца, ды я ўжо і так стрымліваў гэты працэс. Але прыцягваць прадпрыемствы, нават з замежным капіталам, такім чынам я не лічу патрэбным", - заявіў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што ў Беларусі ёсць шмат менш развітых тэрыторый у невялікіх гарадах і пасёлках, дзе створаны не менш прывабныя ўмовы для інвестараў. Больш таго, такая палітыка ўзгадняецца з дамоўленасцямі ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы, дадаў беларускі лідар.

У СЭЗ "Магілёў" Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, наведаў ЗТАА "ВМГ Індустры", якое займаецца вытворчасцю мэблі, выпускам гнутаклееных дэталей і ДСП. Ён агледзеў вытворчую тэрыторыю прадпрыемства, наведаў розныя цэхі. Рэалізацыя прадукцыі ў адпаведнасці з заключанымі кантрактамі прадугледжана для кампаніі ІКЕА.

Ацэньваючы карысць ад гэтай вытворчасці і ў прыватнасці ад работы з замежным інвестарам, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта стварае неабходнае канкурэнтнае асяроддзе ўнутры краіны і можа служыць добрым прыкладам эфектыўнага гаспадарання. "Я хачу, каб вы як прыватнае прадпрыемства паказалі, як трэба працаваць. А для мяне важна, каб я бачыў, на які ўзровень мы павінны сёння выходзіць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што ў будучым з удзелам гэтай кампаніі можа быць створаны буйны холдынг, пад які будуць задзейнічаны значныя магутнасці па дрэваапрацоўцы. "Вядома, прэферэнцый некаторых ужо не будзе, але ўсё роўна гэта будзе нейкі сярэдні ўзровень плацяжоў у бюджэт", - сказаў ён.

У сваю чаргу генеральны дырэктар ЗАТ "Вакару Мядзенас Групе" Віктарас Адамайціс адзначыў, што для работы прадпрыемства створаны найбольш спрыяльныя ўмовы і пастаянна адчуваецца падтрымка з боку мясцовых улад. "Мы не адчуваем сябе замежнымі інвестарамі, мы адчуваем сябе, як дома", - сказаў ён.

У гэты ж дзень Аляксандр Лукашэнка наведаў яшчэ адно дрэваапрацоўчае прадпрыемства з літоўскім капіталам - ЗТАА "Мебелайн". Асноўным відам дзейнасці фабрыкі таксама з`яўляецца вытворчасць корпуснай шпаніраванай мэблі з калекцый кампаніі IKEA. Аднак у будучым плануецца і самастойны выхад на рынкі. Гэтыя два праекты звязаны тэхналагічна. Плануецца, што вырабленыя "ВМГ Індустры" ДСП-панэлі будуць выкарыстаны для вытворчасці корпуснай мэблі на "Мебелайне".

Пасол Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус, які прысутнічаў, высока ацаніў паспяховасць рэалізацыі гэтых праектаў, адзначыўшы, што гэты станоўчы прыклад паслужыць добрай асновай пры рэалізацыі новых праектаў у Беларусі з удзелам літоўскага бізнесу.

"У Еўрасаюзе папракаюць, што ў нас такая бюракратыя, што не прабіцца на наш рынак. Для губернатараў і мэра Мінска даводзяцца заданні па прыцягненню інвестыцый. Таму гэта беспадстаўная крытыка. Яны, наадварот, рады, калі прыходзіць інвестар, дай бог, даволі добры, і з такімі мы маем справу. А з жулікамі мы спраў мець не хочам. Таму крытыка, што ў нас немагчыма адкрыць бізнес іншаземцу, беспадстаўная", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да дыпламата.

"Ды, калі ласка, прыходзьце, працуйце. Толькі трэба бачыць, што ў нас хутка рабочых рук не хопіць на тыя рабочыя месцы, якія створаны", - адзначыў беларускі лідар.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не прымае крытыку, якая часам гучыць з вуснаў нядобразычліўчаў, аб тым, што ён імкнецца захаваць прадпрыемствы ў дзяржаўнай уласнасці, таму што гэта - улада. "Поўнае глупства, я з прыватнікам хутчэй дамоўлюся, чым з дзяржпрадпрыемствам, якое кожны дзень глядзіць у бюджэт", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Пасол Літвы адзначыў вялікую дынаміку прытоку літоўскіх інвестыцый у Беларусь. Дыпламат падкрэсліў, што прадпрыемствы ў Магілёве з`яўляюцца найбольш буйным, але не адзіным паспяховым прыкладам інвестыцыйнага супрацоўніцтва дзвюх краін. Новыя цікавыя сферы супрацоўніцтва адкрываюцца і ў сувязі з тым, што Літва нядаўна прыняла старшынства ў ЕС.

У час наведвання прадпрыемстваў Аляксандр Лукашэнка запрасіў літоўскага дыпламата да актыўнага азнаямлення з рознымі сферамі ў Беларусі і пошуку новых напрамкаў узаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Губернатар Пётр Руднік асобна далажыў Прэзідэнту аб выкананні даручэнняў па скарачэнню складскіх запасаў. Ён запэўніў, што размова ідзе не проста аб адгрузцы тавараў і накіраванні іх у дылерскія цэнтры, але за прадукцыю атрыманы разлік і паступілі грошы.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама таксама далажыў аб выніках работы па прыцягненню інвестыцый. У 2011-2012 гадах і першай палавіне бягучага года складзена больш за 110 інвестыцыйных дагавораў на агульную суму Br4 трлн. За мінулы перыяд 2013 года прыцягнута больш за $62 млн. прамых замежных інвестыцый пры гадавым плане $145 млн.

Акрамя таго, у першым паўгоддзі ў Магілёўскай вобласці адкрыліся 893 новыя камерцыйныя арганізацыі, з якіх больш за 500 займаюцца вытворчай дзейнасцю. Гэта дало магчымасць стварыць каля 11 тыс. новых рабочых месц.

9 ліпеня 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/844/22098
Текущая дата: 18.11.2024