Белорусский портал в Казахстане

26 траўня — вулічная працэсія на сьвята Божага Цела



26 траўня ў Менску адбудзецца вулічная працэсія, прысьвечаная сьвяту Божага Цела, якое сёлета каталіцкі касьцёл адзначае 30 траўня.

Урачыстасьць распачнецца сьвятой імшой у 9.00 каля касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы (Сьвятога Роха) на Залатой Горцы, паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў ксёндз Юры Санько.

Імшу ўзначаліць Апостальскі нунцый, арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроцьці.

Затым распачнецца працэсія, якая пройдзе традыцыйным шляхам — праспэктам Незалежнасьці да Чырвонага касьцёла, а затым да менскай архікатэдры. На плошчы Перамогі, на Кастрычніцкай плошчы будуць усталяваныя алтары, пры якіх адбудуцца набажэнствы.

Малітвы пройдуць таксама каля касьцёлу Сьвятых Сымона і Алены і каля архікатэдральнага касьцёла Найсьвяцейшай Панны Марыі, дзе каля 14.00. працэсія і завершыцца.

Плянуецца, што ўдзел у вулічным шэсьці прыме таксама Апостальскі нунцый Кляўдыё Гуджэроцьці.

Як паведаміў ксёндз Юры Санько, штогод у працэсіі Божага Цела ў Менску ўдзельнічаюць ад 10 да 15 тысяч чалавек.

Галіна Абакунчык
Радыё Свабода, 24 траўня 2013


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/850/21270
Текущая дата: 18.11.2024