Белорусский портал в Казахстане

Балонскі працэс: на першым месцы — нацыянальныя інтарэсы



У Мінску прайшоў міжнародны інфармацыйна-адукацыйны семінар, дзе абмяркоўвалася гатоўнасць далучэння да адзінай еўрапейскай адукацыйнай прасторы беларускай вышэйшай школы.

Удзел у ім узялі прадстаўнікі Еўракамісіі, Дэпартамента па адукацыі Савета Еўропы, Асацыяцыі еўрапейскіх універсітэтаў, Саюза еўрапейскіх студэнтаў, рэктары беларускіх ВНУ і прадстаўнікі студэнцкага самакіравання.

Трэба нагадаць, што Беларусь падавала заяўку на далучэнне да Балонскага працэсу, але летась наша заяўка не была задаволена. Наступная ж магчымасць з`явіцца толькі ў 2015 годзе.

— Савет Еўропы мае доступ да досведу вялікай колькасці краін, якія далучыліся да Балонскага працэсу раней, і хачу запэўніць, што не існуе нейкага агульнага для ўсіх рэцэпта ўваходжання ў Балонскі працэс, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі дырэктар Дэпартамента па адукацыі Савета Еўропы Жур Берган. — Безумоўна, убачыць, што добра спрацавала ў іншых, вельмі важна, але яшчэ больш важна ўбачыць тое, што ў іх не атрымалася, каб не паўтараць чужых памылак. Беларусі, у першую чаргу, трэба звяртаць увагу на досвед суседніх краін — краін з падобнымі традыцыямі ў адукацыі, падобнымі менталітэтам і культурай.

— Балонскі працэс сёння адкрыты для ўсіх краін, якія жадаюць у ім удзельнічаць, таму імкненне Беларусі, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, стаць часткай Балонскага працэсу цалкам лагічнае і натуральнае. Прызнаемся, мы засталіся вельмі задаволеныя нашай сустрэчай з прадстаўнікамі студэнцкага актыву, якая доўжылася недзе 1,5 гадзіны. Студэнты задавалі нам вельмі шмат сур`ёзных пытанняў, якія сведчаць пра іх сур`ёзную дасведчанасць ва ўсіх нюансах функцыянавання Балонскай сістэмы, — адзначыў прадстаўнік Еўракамісіі Франк Петрыкоўскі.

Як вядома, адной з умоў далучэння да Балонскага працэсу з`яўляецца стварэнне шматступенчатай сістэмы вышэйшай адукацыі. Падрыхтоўка па многіх спецыяльнасцях у беларускіх ВНУ сёлета пераходзіць на формулу 4+2: чатыры гады на першай ступені і два гады навучання ў магістратуры. У сувязі з гэтым ёсць сур`ёзная асцярога, а ці магчыма ўвогуле падрыхтаваць спецыяліста з інжынернай адукацыяй за чатыры гады?

— Я сам родам з Германіі і прызнаюся, што такія ж асцярогі былі калісьці і ў нас. Але час паказаў, што падрыхтаваць спецыяліста з інжынернай адукацыяй без страты якасці яго падрыхтоўкі за меншы тэрмін усё ж такі можна, — дадаў Франк Петрыкоўскі. — Увогуле, пачынаючы з 1999 года, усе краіны — удзельніцы Балонскага працэсу — прайшлі вельмі вялікі шлях. І сёння многія рэгіёны, у тым ліку і ЗША, з цікавасцю назіраюць за тым, што адбываецца ў Еўропе ў рамках агульнай адукацыйнай прасторы.

— Усім вядома, што ў Балонскага працэсу ёсць як свае плюсы, так і свае мінусы,. Галоўная пагроза — гэта праблема ўцечкі высокакваліфікаваных кадраў у іншыя краіны. Таму мы бачым сваю задачу ў тым, каб знайсці разумны баланс паміж новымі магчымасцямі і нацыянальнымі прыярытэтамі. Балонскі працэс для нас — не самамэта. Ва ўмовах глабалізацыі эканомікі ёсць неабходнасць састыкоўкі сістэмы адукацыі Беларусі з сістэмамі іншых краін. Але ўсе рэформы карысныя, толькі калі яны вядуць да павышэння якасці адукацыі", — падсумаваў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Маскевіч.

Надзея Нікалаева
Звязда, 18 мая 2013


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/851/21202
Текущая дата: 18.11.2024