Белорусский портал в Казахстане

25 красавіка названы імёны пераможцаў рэспубліканскага конкурсу Беларускага саюза журналістаў "Залатое пяро"



Цырымонія ўшанавання адбылася ў Доме журналіста напярэдадні Дня друку, які адзначаецца 5 мая.

Прэміі імя Р.В.Булацкага за распрацоўку актуальных праблем грамадска-палітычнага жыцця ўдастоена рэдактар аддзела творчых праектаў рэдакцыі газеты "7 дней" Алена Елавік. За лепшую работу ў мастацка-публіцыстычных жанрах узнагароджаны галоўны рэдактар газеты "Народная трибуна" (Брэст) Галіна Мазіна і аглядальнік "Народной газеты" (Мінск) Вольга Бябеніна. За лепшую работу ў інфармацыйных і аналітычных жанрах прэміраваны спецыяльны карэспандэнт газеты "Советская Белоруссия" Віктар Корбут, галоўны рэдактар часопіса "Наука и инновации" (Мінск, Акадэмія навук) Жанна Камарова, аглядальнік газеты "Белорусская нива" Аляксандр Шаўко.

"Залатое пяро" за лепшу работу ў радыёжурналістыцы атрымала загадчыца аддзела радыё "Беларусь" (Белтэлерадыёкампанія) Марына Драгіна-Чарнянок. Фотакарэспандэнт БелТА Наталля Аблажэй адзначана за лепшую работу ў фотажурналістыцы. Узнагароду за важкі ўклад у развіццё рэгіянальнай журналістыкі атрымала Ірына Сядова - адказны сакратар газеты "Раённыя будні" (Пружаны).

Прэміяй для маладых журналістаў за пошук і творчыя дасягнені ўзнагароджаны аглядальнік аддзела эканомікі газеты "Рэспубліка" Марыя Друк, карэспандэнт газеты "Да новых перамог" (Клецк) Юрый Мысліцкі, спецыяльны карэспандэнт часопіса "Спецназ" Наталля Пахамовіч. Прэміі за важкі ўклад у развіццё карпаратыўнай прэсы ўдастоена рэдактар газеты "На стройках Минска" Наталля Хацкевіч.

Заяўкі на конкурс паступілі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Значную актыўнасць у гэтым годзе праявілі маладыя журналісты. На абышлося і без жорсткай канкурэнцыі. У некаторых намінацыях журы прысудзіла некалькі першых прэмій.

У цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел прадстаўнікі журналісцкай грамадскасці, Міністэрства інфармацыі Беларусі, дыпламатычнага корпуса.

Прэміі "Залатое пяро" прысуджаюцца за высокапрафесійныя работы, апублікаваныя ў рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх і раённых СМІ, якія прагучалі ў тэле- і радыёперадачах.

25 красавіка 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/853/20832
Текущая дата: 18.11.2024