Белорусский портал в Казахстане

На дарогах Беларусі больш няма затораў і абмежаванняў у руху транспарту



Па стане на раніцу 17 сакавіка на дарогах Беларусі затораў і абмежаванняў у руху транспарту няма. Аварыйныя брыгады вядуць аднаўленчыя работы, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Працягваюцца таксама работы па расчыстцы і ўборцы снегу з праезных частак дарог усіх узроўняў, а таксама дваровых тэрыторый населеных пунктаў.

Паводле звестак ДВА "Белэнерга", па стане на 6 гадзін 17 сакавіка без электразабеспячэння заставаліся шэсць населеных пунктаў у Бабруйскім і Мінскім раёнах.

Ратавальнікі МНС за апошнія суткі 156 разоў аказвалі дапамогу ў выцягванні са снежных заносаў 224 транспартных сродкаў — легкавых і грузавых аўтамабіляў, рэйсавых аўтобусаў, аўтамабіляў хуткай дапамогі. У іх знаходзіліся 535 чалавек, у тым ліку 67 дзяцей. Чатырнаццаці грамадзянам давялося аказваць псіхалагічную дапамогу.

На сённяшнюю раніцу заставаліся неадноўленымі пашкоджаныя ветрам і снегападам дахі двух жылых дамоў і 49 сельскагаспадарчых будынкаў. Аварыйныя брыгады вядуць аднаўленчыя работы.

Вядзецца пастаянны маніторынг дарожнай сітуацыі, паведамляе МНС.

БелаПАН
Мінск, 17 сакавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/862/19933
Текущая дата: 18.11.2024