Белорусский портал в Казахстане

А.Лукашэнка: улада пасля Лукашэнкі будзе ў таго, хто выйграе яе на выбарах



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв`ю тэлеканалу Russia Today заявіў, што не рыхтуе сабе пераемніка, а краіну зможа ўзначаліць толькі той, хто заручыцца падтрымкай большасці насельніцтва на выбарах.

"Я такімі катэгорыямі не мыслю, што я некаму павінен перадаць уладу. Я пакляўся, што я ні ў якім выпадку не буду перадаваць уладу сваім родным, блізкім, сваякам або дзецям. Гэта выключана. Але самае галоўнае, улада ў нас пасля Лукашэнкі будзе ў таго, хто яе выйграе на выбарах. Сумленных, як я некалі першы раз у першыя прэзідэнцкія выбары выйграў, прыйшоўшы з апазіцыі, я быў апазіцыйным кандыдатам у прэзідэнты. І так, як я выйграваў увесь час. Хоць і мяне крытыкавалі, што дыктатура, выбары фальсіфікуе. Той, хто аб`ектыўна ацэньвае, той ніколі не скажа, што Лукашэнка выйграваў дзякуючы фальсіфікацыі. Я паводзіў сябе сумленна ў гэтых адносінах, і я хачу, каб пасля Лукашэнкі прыйшлі людзі гэтак жа, сумленным шляхам. У адваротным выпадку беларусы ніколі не згодзяцця з гэтым", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не рыхтуе сабе пераемніка. "Скажу вам шчыра, задумваючыся над гэтым пытаннем, я пакуль для сябе так і вызначыў, што нават і падтрымліваць публічна нікога не буду. Усё павінна быць сумленна. Народ павінен выбраць сабе кіраўніка сам, калі прыйдзе для гэтага час".

Прэзідэнта таксама папрасілі пракаменціраваць фразу, сказаную ў час аднаго з візітаў у Венесуэлу адносна яго малодшага сына Мікалая аб тым, што праз гады будзе каму прадоўжыць пачатую справу. "Я гэта вельмі добра памятаю, і я адказна гэта сказаў. Прадаўжаць жа не значыць, што ўзяў руль кіравання і сеў у крэсла прэзідэнта. Такіх у нас, як малодшы сын Лукашэнкі, - мільён, а можа быць, і больш, і яны будуць прадаўжаць тую справу, якую Лукашэнка некалі пачаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Галоўны вынік нашай - Лукашэнкі і яго калег - работы, што мы ўпершыню ў гісторыі ўжо два дзесяцігоддзі жывём у незалежнай дзяржаве. Мы стварылі ўсе атрыбуты гэтай дзяржавы, - адзначыў Прэзідэнт. - Пры гэтым выраслі многія пакаленні, і вырастуць такія, як малодшы сын Лукашэнкі. І будзе магчымаць, будуць людзі, якія будуць прадаўжаць гэта. Я не меў на ўвазе, што малодшы сын, якому я перадам уладу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што не хацеў бы, каб яго сын Мікалай пайшоў у палітыку. "Ён наеўся ўжо ва узросце васьмігадовым гэтай палітыкі - ад бацькі ён гэта ўбачыў, у яго нават такога жадання ў дзяцінстве не было і няма, што вось у мяне тата прэзідэнт, я таксама буду прэзідэнтам. Ні ў якім выпадку. Я нават на гэту тэму дома не размаўляю. Гэта не дзіцячыя рэчы, - заявіў Прэзідэнт. - Што датычыцца дарослых сыноў, дык яны мне прама гавораць: "Тата, мы наеліся твайго прэзідэнцтва". Таму ў нас няма гэтых размоў аб перадачы ўлады. Я і ўвогуле не вяду сёння размовы аб тым, што я некаму павінен уладу перадаваць, і не рыхтую чалавека, якому я павінен перадаць уладу. Народ павінен вызначыцца ў канкурэнтнай барацьбе", - дадаў Прэзідэнт.

18 сакавіка 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/862/19969
Текущая дата: 18.11.2024