Белорусский портал в Казахстане

Боль застаецца ў сэрцы



У Верхнядзвінску ў гэтыя дні ўшаноўваюць памяць загінулых падчас карнай аперацыі "Зімовае чараўніцтва". Асвейская трагедыя стала адной з самых сумных старонак Вялікай Айчыннай вайны.

Роўна 70 гадоў таму ў лютым-сакавіку 1943 год нацысты правялі на тэрыторыі беларускіх Асвейскага, Дрысенскага (цяпер Верхнядзвінскі), Расонскага і расійскага Себежскага раёнаў найбуйнейшую карную аперацыю "Зімовае чараўніцтва", адну з самых жорсткіх і крывавых.

За 1,5 месяца карнікі практычна цалкам знішчылі насельніцтва Асвейскага і вялікай часткі Дрысенскага раёнаў. Загінулі звыш 10 тысяч мірных жыхароў, было вывезена на прымусовыя работы больш за 6 тысяч чалавек.

Трагічным падзеям прысвечана сустрэча "Дыялог пакаленняў", у якой бяруць удзел жыхары спаленых беларускіх вёсак, якія цудам выратаваліся, кіраўнікі мясцовых органаў улады, прадстаўнікі раённых дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, Беларускага фонду міру, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі Расійскага фонду садзейнічання актуальным гістарычным даследаванням "Гістарычная памяць".

Удзельнікамі мерапрыемства сталі таксама кіраўнікі берлінскага грамадскага аб`яднання "Кантакты-Kоntаktе". Адным з асноўных напрамкаў працы гэтай арганізацыі з`яўляецца ўмацаванне ўзаемаразумення паміж народамі, гісторыка-асветніцкая праца, маральная і матэрыяльная падтрымка пацярпелых ад нацызму, якія не атрымалі кампенсацыйных выплат з Германіі. Дзякуючы гэтаму аб`яднанню на сёння ўжо больш за 200 жыхароў спаленых беларускіх вёсак Верхнядзвінскага раёна, якія выратаваліся, атрымалі грашовыя выплаты.

Падчас сустрэчы "Дыялог пакаленняў" адбылася прэзентацыя беларуска-расійскага зборніка дакументаў "Зімовае чараўніцтва": нацысцкая карная аперацыя ў беларуска-латвійскім памежжы, люты-сакавік 1943" і электроннай базы "Беларускія вёскі, знішчаныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны.1941-1944 гг.", падрыхтаваных у рамках праекта "Павышэнне статусу выратаваных жыхароў спаленых беларускіх вёсак", які ажыццяўляецца Беларускім фондам міру і Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы германскага фонду "Памяць, адказнасць і будучыня".

Аляксандр Пукшанскі
Звязда, 19 сакавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/862/20001
Текущая дата: 18.11.2024