Белорусский портал в Казахстане

Арцыбіскуп Гуджэроці наведае Курапаты і Малы Трасцянец



У пятніцу, 2 лістапада, калі каталіцкая царква ўспамінае ўсіх памерлых хрысціян, апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці будзе маліцца за ўсіх беларусаў, якія сталі ахвярамі войнаў і рэпрэсій, паведаміла апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь.

Імша адбудзецца вечарам у мінскім храме Cвятых Сымона і Алены.

Раніцай таго ж дня Гуджэроці "ў знак памяці аб ахвярах" ускладзе кветкі да помніка ў мемарыяльным комплексе "Малы Трасцянец" і ва ўрочышчы Курапаты.

У верасні арцыбіскуп сустрэўся з беларускімі палітзняволенымі. "У знак павагі да штодзённага маральнага аўтарытэта Святога Айца і гуманітарнай дзейнасці Апостальскай сталіцы, у рамках двухбаковых дыпламатычных адносінаў, прадстаўнік папы рымскага ў Мінску, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці быў упаўнаважаны наведаць некаторых палітзняволеных: Каваленку, Сырамолатава, Бяляцкага, Дашкевіча, Лобава і Севярынца", — паведаміла тады "Радыё Ватыкана".

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 27 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/863/17119
Текущая дата: 20.05.2024