Белорусский портал в Казахстане

19 лютага на 89-м годзе жыцця памёр Васіль Старавойтаў, былы старшыня легендарнага калгаса "Рассвет".



Як паведаміла Аксана Крышчановіч, старшыня выканкама Аб`яднанай грамадзянскай партыі (АГП), членам палітсавета якой быў Старавойтаў, пахаванне адбудзецца 20 лютага.

Развітацца з былым старшынёй калгаса можна будзе з 10.00 да 13.30 у Доме культуры вёскі Мышкавічы Кіраўскага раёна, дзе ён жыў. Пахаваюць нябожчыка на мясцовых могілках.

Паводле слоў жонкі Старавойтава, усю арганізацыю пахавання ўзяла на сябе адміністрацыя калгаса.

Васіль Старавойтаў нарадзіўся 13 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Барок Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Ваяваў падчас Вялікай Айчыннай вайны, быў партызанам. Пасля вайны працяглы час знаходзіўся на камсамольскай і партыйнай працы.

У 1957—1968 гадах працаваў дырэктарам саўгаса "Раднянскі" Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці.

З 1968 па 1997 гады ўзначальваў калгас "Рассвет", які лічыўся ўзорнай гаспадаркай не толькі ў савецкія часы, але і цяжкія 1990-я гады.

Браў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці. Абіраўся дэлегатам XXV, XXVI і XXVII з`ездаў КПСС, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, Вярхоўнага Савета БССР, членам бюро Кіраўскага (Магілёўскай вобласці) райкама партыі.

Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі, двойчы Герой Сацпрацы. У 1978 годзе прысвоена званне "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР".

У кастрычніку 1997 года быў адхілены ад працы і арыштаваны па абвінавачанні ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, эканамічных злачынствах, хабарніцтве і арганізацыі забойства кіраўніка Магілёўскага камітэта дзяржкантролю Яўгена Мікалуцкага. Праваабаронцы і апазіцыя звязалі арышт Старавойтава з тым, што ён публічна выказаўся з крытыкай у адрас Аляксандра Лукашэнкі і не падтрымаў яго кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах.

У 1999 годзе Старавойтава прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму і канфіскацыяй маёмасці. Працэс над ім атрымаў шырокі грамадскі рэзананс у беларускай, расійскай і замежнай прэсе. Старавойтаў правёў у зняволенні каля паўтара года. У калоніі былы старшыня калгаса перанёс два сардэчныя прыступы і мікраінсульт, пасля якога нейкі час не мог размаўляць, практычна страціў зрок.

Пасля вызвалення вярнуўся дадому, у вёску Мышкавічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Браў удзел у жыцці Аб`яднанай грамадзянскай партыі.

У райцэнтры Кіраўск Старавойтаву прыжыццёва быў устаноўлены бюст.

Станіслаў Багданкевіч, ганаровы старшыня АГП, былы кіраўнік Нацбанка, назваў Васіля Старавойтава "чалавекам, які апярэджваў свой час".

"Гэта быў гаспадарнік-інтэлектуал, высокаадукаваны чалавек, годны грамадзянін Беларусі. Ён заўсёды вызначаўся цвярозым розумам, рыначнымі падыходамі і мысленнем", — адзначыў Багданкевіч у каментары БелаПАН. Экс-кіраўніка Нацбанка заўсёды захапляў той факт, што, калі ў 1990-я гады ў Беларусі пачаліся пераўтварэнні ў эканоміцы, "Старавойтаў быў наперадзе, ператварыў калгас, якім кіраваў, у акцыянернае прадпрыемства, здолеў захаваць гаспадарку".

БелаПАН, 19 лютага 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/867/19486
Текущая дата: 18.11.2024