Белорусский портал в Казахстане

Слёзы Росіцы



Росіцкую трагедыю нельга забываць. Немагчыма. Пакуль жывуць яе сведкі, пакуль ад пакалення да пакалення пераходзіць вера. Пакуль жыве сама Асвейшчына.

Жыхарка вёскі Ворзава Валянціна Баляславаўна Марцынкевіч — адна з жывых сведак трагедыі, якая здарылася ў вёсцы Росіца колішняга Асвейскага, а цяпер Верхнядзвінскага раёна. Яна памятае, як у лютым 1943 года пачалася карная акцыя супраць мірнага насельніцтва, як жыхароў Росіцы і навакольных вёсак спачатку сагналі ў касцёл, а потым, падзяліўшы на групы, расстрэльвалі і палілі, вывозілі ў канцлагер. Валянціна, будучы малалетняй, была вывезена ў лагер Саласпілс. Прайшла праз неверагодныя пакуты і вярнулася дадому. Валянціна лічыць, што ёй дапамог ружанец, які падчас першай споведзі і прычасця ёй падарыў ксёндз Антоній Ляшчэвіч. Сам святар загінуў у полымі разам з вяскоўцамі.

Дагэтуль Валянціна Баляславаўна захоўвае намолены ружанец і лічыць яго сваім абярэгам. У гэтыя дні жанчына стала ўдзельніцай Дня памяці асвейскай трагедыі, які прайшоў у вёсцы Росіца

Якраз 70 гадоў таму з росіцкай трагедыі пачалася трагедыя ўсёй асвейскай зямлі. З жудаснага дня, калі фашысцкія акупанты сагналі ў мясцовы касцёл жыхароў Росіцы і навакольных вёсак, а потым, пратрымаўшы некалькі дзён, вывелі на ўскраіну і зажыва спалілі ў вялікім гумне. У той дзень загінула больш за 700 чалавек. Бяда здарылася 16 лютага 1943 года.

Трагедыя Асвейшчыны — адна з самых жудасных старонак вайны на тэрыторыі Беларусі. Карная аперацыя, якую ўчынілі гітлераўскія захопнікі, па жорсткасці пераўзышла ўсе праведзеныя імі дагэтуль акцыі па знішчэнні мірнага насельніцтва. У выніку блакады (а доўжылася яна амаль паўтара месяца) толькі ў колішнім Асвейскім раёне былі спалены ўсе 158 населеных пунктаў, частка з якіх знішчана разам з людзьмі. З 21 тысячы на папялішчы вярнуліся толькі 6 з паловай тысяч колішніх жыхароў. На тэрыторыі Асвейшчыны застаўся ў жывых адзін з трох жыхароў.

І вёска Росіца, і ўвесь Верхнядзвінскі раён жывуць памяццю пра сваіх закатаваных землякоў. Штогод у парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Тройцы адбываецца жалобны малебен у іх памяць. Вось і сёлета некалькі соцень вернікаў прыйшлі на пакутнае месца, каб у супольнай малітве прасіць у Бога заступніцтва за росіцкіх ахвяр і ў журботнай працэсіі прайсці той дарогай, па якой пад прымусам ішлі на смерць нявінныя людзі. Вось і зноў тут сабраліся, каб ускласці кветкі і запаліць свечкі каля крыжа, які ўзвышаецца на месцы спаленага з людзьмі гумна.

У гэты дзень у Росіцы ўшаноўваюць і памяць двух каталіцкіх святароў-марыянаў, якія да апошняй хвіліны заставаліся ў касцёле і вялі бесперапынную малітву за выратаванне палонных людзей. Святары не пакінулі вернікаў нават у хвіліну смерці, засталіся з імі ў палаючым гумне.

З суседняй вёскі Ворзава прыйшла ў касцёл і 80-гадовая Валянціна Марцынкевіч. Ёй, цудам ацалелай у дзень росіцкай трагедыі, хочацца дзякаваць Богу за сваё выратаванне і прасіць прабачэння ў землякоў, якіх напаткаў гэткі жудасны лёс. Валянціна Баляславаўна разумее, што і для яе ўсё магло скласціся зусім інакш, што полымя магло паглынуць і яе, дзесяцігадовую ў той час дзяўчынку. Ці гэтак жа, як іншых, у гумне на ўскраіне Росіцы альбо ў сваёй спаленай вёсцы Кулакова, пра якую сёння нагадвае сціплы помнічак. Валянціна Баляславаўна моліцца за загінулага ксяндза Антонія Ляшковіча, да якога ў час вайны яна прыйшла на першую споведзь і атрымала ад яго ружанец. З гэтым ружанцам дзяўчынка прайшла лагер смерці Саласпілс, вытрывала прымусовую працу, ацалела ў час авіябамбёжак. З гэтым ружанцам не развітваецца і сёння, верыць у яго дапамогу.

Сярод удзельнікаў гадавіны трагедыі паломнікаў з Полацка, Наваполацка, Барысава, Мінска было больш, чым сваіх, асвейскіх. Магчыма, таму, што людзям старэйшага ўзросту цяжка прыгадваць тыя жудасныя дні вайны, у якія загінулі іх родныя і блізкія людзі. Цяжка вяртацца ў мінулае нават у думках. А вось Лёля Пляйко з вёскі Сенькава, якая нарадзілася менавіта ў час карных аперацый — у сакавіку 1943 года, усё ж дабралася да Росіцы. Яна ведае пра трагедыю толькі з успамінаў сваёй маці, і таму ёй, напэўна, гэтыя ўспаміны не такія балючыя. Сёння тут, каля памятнага крыжа, і Яніна Маслоўская з вёскі Дуброва, якой ішоў толькі другі гадочак, калі пачалася вайна. Дзякуючы сваёй матулі, якая тры гады вайны хавалася ў лясах і балотах, Яніна засталася жывою. А колькі гэткіх немаўлят было пахавана ў лютаўскія завеі-маразы, адышло ў нябыт у вогнішчах палаючых храмаў і сялянскіх хат?!

Анатоль Кляшчук, Верхнядзвінскі раён.
Звязда, 19 лютага 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/867/19489
Текущая дата: 18.11.2024