Белорусский портал в Казахстане

Захаваныя апосталы



У Магілёўскім мастацкім музеі імя Паўла Масленікава адкрылася прыгожая выстава пад назвай "Старажытнае мастацтва".

Самы каштоўны экспанат — выратаваная фрэска з царквы ў гонар Нараджэння Багародзіцы ў Слаўгарадзе.

На выставе прадстаўлены амаль тры дзясяткі мастацкіх твораў, дастаўленых з Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Драўляныя скульптуры і абразы ХVІІ-ХVІІІ стагоддзяў паходзяць з розных рэгіёнаў Беларусі.

Пасярод вытанчаных карцін і прыгожых скульптур святых ёсць твор, які найбольш прыцягвае ўвагу магілёўскай публікі — гэта сціплая рамка з няроўным і непрапарцыянальным малюнкам у расколінах, з бледнымі выявамі барадатых мужчынскіх твараў, рук, старадаўняга адзення і, верагодна, кавалка блакітнага неба.

— Гэта фрагмент фрэскі з царквы Нараджэння Багародзіцы ў Слаўгарадзе, — патлумачыла намеснік дырэктара музея Святлана Строгіна. — Навуковец з цэнтра даследавання беларускай культуры Мікалай Мельнікаў не так даўно быў у райцэнтры і прывёз маленькія кавалачкі алтарнай фрэскі ў Мінск. Рэстаўратар Уладзімір Лукашэвіч аднавіў гэты твор. Верагодна, што мы тут бачым апосталаў. А вось сюжэт фрэскі нам невядомы.

Царква ў гонар Нараджэння Багародзіцы была пабудавана ў Прапойску (мястэчка стала Слаўгарадам толькі ў 1945 годзе) напрыканцы ХVІІІ стагоддзя князем Галіцыным. Вядома, што ў распісванні праваслаўнага храма бралі ўдзел лепшыя маскоўскія жывапісцы. Сярод аўтараў згадваецца, прынамсі, Уладзімір Баравікоўскі.

Вядома, што ў фрэсках было ўвасоблена 57 сюжэтаў Новага і Старога Запаветаў. Сёння фрэсак засталося нашмат менш. Іх усё яшчэ можна ўбачыць у царкве, гасцінна адчыненай для вернікаў і турыстаў. Праўда, ужо нельга сфатаграфаваць, каб яшчэ больш не нашкодзіць унікальным творам.

Пра тое, што стан слаўгарадскіх фрэсак даволі сумны і выклікае трывогу, гавораць далёка не першы год. Застаецца толькі спадзявацца, што і астатнія фрэскі не прыйдзецца збіраць па кавалках.

— Гэта праблема не толькі Слаўгарада і гэтай царквы, — лічыць Святлана Строгіна. — Сёння трэба звярнуць пільную ўвагу на захаванне манументальнага фрэскавага жывапісу. Ёсць яшчэ і Мсціслаў, дзе ў касцёле кармелітаў фрэскі таксама на мяжы асыпання, і патрэбна хаця б іх кансервацыя. У нас багатая культурная спадчына, і трэба яе захаваць для нашчадкаў.

Між тым выстава старажытнага мастацтва, што адкрылася ў Магілёве, якраз і дэманструе гэта багацце. Наведнікам вельмі спадабаліся сімпатычныя драўляныя анёлы, выстаўленыя ў шкляных вітрынах. А таксама ўразіла вялікая выява Бялыніцкай Божай Маці: гэты абраз выкананы ў барочным стылі, у ім шмат каралеўскага сіняга і шыкоўнага чырвонага колераў. Гэты жывапіс паходзіць з суседняй Віцебшчыны, але ў Магілёўскай вобласці заўсёды лічылі Бялыніцкую Маці Божую сваёй добрай апякункай.

У музеі падкрэслілі, што выстава прымеркавана да надання Магілёву звання культурнай сталіцы Беларусі і СНД. Арганізатары ўлічылі вялікую цікавасць публікі, найперш маладых людзей, да культурнай спадчыны і старажытнасцяў.

Ілона Іванова
Звязда, 12 лютага 2013


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/868/19367
Текущая дата: 18.11.2024