Белорусский портал в Казахстане

Больш, чым подзвіг



У музеі гісторыі Мінска адкрылася персанальная выстава фатографа-звяздоўца Анатоля Клешчука "Мае праведнікі".

У сапраўды творчых, таленавітых людзей ёсць адметная якасць — дасягаць думкай, ідэяй да нашых сэрцаў, не пакідаючы свае працы незаўважанымі. З Анатолем Клешчуком я пазнаёміўся задоўга да таго, як аказаўся ў рэдакцыйных мурах "Звязды". Проста бачыў ягоныя здымкі Янкі Брыля, Казіміра Свёнтка, падзей, якія ў сярэдзіне 90-х уплывалі на станаўленне нашай яшчэ маладой, але ўжо незалежнай краіны. Па-юначы я зайздросціў яму, бо фотакамерай ён "занатоўваў" сапраўдную гісторыю, тое, што рухала людзьмі, хвалявала іх. І толькі ўжо пасля, калі пасталеў, зразумеў адну рэч: цэнтрам многіх прац Клешчука з`яўляецца не падзея, а менавіта чалавек у сваім звычайным жыцці.

Яго чарговая выстава партрэтаў — гэта таксама знешне просты чалавек, які ходзіць з намі па хлеб у краму, чытае газеты, п`е самую звычайную гарбату, але адметны ўнутрана. Экспазіцыя прысвечана тым, хто падчас Другой сусветнай вайны, халакосту не думаў пра наступствы, а хаваў, выратоўваў ад фашысцкіх акупантаў яўрэяў, дапамагаў ім у гета. Па вялікім рахунку, у гэтай сартраўскай "памежнай сітуацыі" беларусы доўга не разважалі, дапамагалі, давалі чалавеку надзею на адэкватнае існаванне пасля вайны. І неістотна было, хто ты (хрысціянін ці іўдзей), калі справа тычылася жыцця малога дзіцяці. Пасля вайны такіх адважных людзей пачалі называць "праведнікамі свету". У нашай краіне іх каля 600, але спіс і зараз папаўняецца прозвішчамі. Напрыклад, толькі зараз, пасмяротна, пасведчанне і спецыяльны медаль "атрымала" Марыя Маісеенка за тое, што хавала ад забойцаў яўрэйскую дзяўчынку, выдавала яе за сваю пляменніцу.

— Я асабліва не задумваўся над тым, ці здолею гэта зрабіць, — кажа фатограф, які пачаў здымаць праведнікаў з 1995 года. — Мяне заўсёды вабілі людзі старэйшага пакалення. Простага чалавека здымаць не было нагоды, а ў гэтых людзях знайшлося ўсё: і трагедыйныя гісторыі, і асабістыя лёсы, і вайна, і чалавечая ветлівасць. Мне здаецца, што гэтыя рысы і ёсць беларуская ментальнасць.

Як кажа спадар Анатоль, спачатку да яго трапіў спіс з прозвішчамі 40 праведнікаў, і толькі потым ён пачаў пашырацца. І тады фатограф сам пачаў шукаць герояў. "Да іх трэба было ехаць, а мне было цікава, што недзе там, напрыклад, пад Верхнядзвінскам, жывуць гэтыя дзве сястры-праведніцы. Я гэтым жыў, хваляваўся. Дрыжыкі бралі мяне ў той момант, калі людзі распавядалі сваю гісторыю і пачыналі плакаць".

На чорна-белых здымках пераважна вяскоўцы. Сціплыя, але моцныя. Для нас — гэта подзвіг, а для іх было жыццё, у якім неабходна дапамагаць таму, хто пакутуе. "Палова з іх — моцна веруючыя, — дадае Анатоль Кляшчук. — Сярод іх і стараверы, і праваслаўныя, і католікі. Ёсць нават кіраўнік баптысцкай суполкі".

— Было шмат людзей, якія зрабілі многае не толькі для таго, каб знішчыць яўрэйскі народ, але і для таго, каб яго выратаваць, — адзначыў на адкрыцці выставы Іосіф Шагал, пасол Ізраіля ў Беларусі. — Я ганаруся тым, што з`яўляюся надзвычайным паўнамоцным паслом сваёй краіны ў дзяржаве, якая ў самы страшны перыяд гісторыі чалавецтва ХХ стагоддзя не спужалася смерці. Яна ахвяравала сваё жыццё, жыццё сваіх дзяцей таксама на выратаванне яўрэйскіх дзяцей. Гэта больш, чым подзвіг. Гэта найвышэйшае пачуццё разумення святасці чалавечага жыцця.

Тарас Шчыры
Звязда, 29 студзеня 2013


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/871/19187
Текущая дата: 19.11.2024