Белорусский портал в Казахстане

А.Лукашэнка патрабуе ствараць запатрабаванае на сусветным рынку ўзбраенне



Аб гэтым ён заявіў 24 студзеня на нарадзе па пытаннях развіцця ваенна-прамысловага комплексу краіны.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе больш актыўна развіваць новыя напрамкі ў абаронным сектары эканомікі і ствараць запатрабаванае на сусветным рынку ўзбраенне.

"Размова пойдзе аб бяспецы нашай дзяржавы, нашай арміі і яе ўзбраенні, - сказаў кіраўнік дзяржавы, адкрываючы нараду. - Абаронны сектар эканомікі заўсёды з`яўляўся флагманам перадавых тэхналогій і інавацый. Толькі самае надзейнае і лепшае запатрабавана ва ўсіх арміях. І тут нам ні ў якім разе нельга адставаць".

Як адзначыў Прэзідэнт, беларускія абаронныя прадпрыемствы выпускаюць даволі шырокую лінейку ўзбраенняў. Пастаянным попытам у розных краінах карыстаюцца комплексы кіравання войскамі і зброяй, сістэмы абароны ад высокадакладнай зброі, радыёлакацыйныя станцыі, сродкі ППА. Сёння больш як 70 працэнтаў прадукцыі беларускага ВПК ідзе на знешні рынак. А тэхніка такіх прадпрыемстваў, як "Пеленг", МЗКЦ, "Тэтраэдр", практычна ў поўным складзе рэалізуецца замежным заказчыкам. "Нам удалося пераадолець сітуацыю, калі ў структуры экспарту пераважала савецкая тэхніка, не патрэбная ва Узброеных Сілах. Цяпер амаль 90 працэнтаў экспартуемага ўзбраення і паслуг - беларускія. Такую пазітыўную дынаміку трэба замацоўваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым заўважыў, што канкурэнцыя на сучасным рынку ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі выключна высокая: "Таму мы павінны аператыўна знаходзіць і сістэмна развіваць новыя напрамкі. Выкарыстоўваючы свой патэнцыял, механізмы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, ствараць сучасныя ўзоры ўзбраення, запатрабаваныя ў нашай арміі і на сусветным рынку, - лічыць Прэзідэнт. - Выгада тут відавочная. Мадэрнізацыя прадпрыемстваў ВПК, увод новых вытворчасцей - гэта пляцоўка для атрымання і ўкаранення перспектыўных тэхналогій. У далейшым яны дадуць штуршок інавацыйнаму развіццю іншых галін эканомікі і ўмацаванню нашых пазіцый на сустветным рынку. А ў канчатковым выніку - узмоцняць абараназдольнасць краіны, павялічаць фінансавыя паступленні ў дзяржаўны бюджэт".

Прэзідэнт нагадаў, што задача па стварэнню новых вытворчасцей і сучасных сістэм узбраення ім была пастаўлена даволі даўно. "Таму сёння хацеў бы пачуць, якія распрацоўкі цяпер вядуцца і што мы ў бліжэйшай перспектыве плануем ствараць, якія напрамкі гэтай дзейнасці мы будзем развіваць. Тут не выпадкова прысутнічаюць кіраўнікі асноўных прадпрыемстваў нашай абаронкі. Мне важна знаць аб іх гатоўнасці да рэалізацыі разглядаемых прапаноў", - звярнуўся да ўдзельнікаў нарады Аляксандр Лукашэнка.

"Пры гэтым хачу папярэдзіць усіх: ніякай "манілаўшчыны", ніякага шапказакідальніцтва і выпрошвання грошай пад нейкія ідэі. Толькі канкрэтныя вырабы, цана, пастаўкі на знешні рынак і ў нашу армію. І персанальная адказнасць, ад прэм`ер-міністра і да ўсіх, хто будзе мець дачыненне да гэтай распрацоўкі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Ніякіх шалёных грошай, гэтак жа як і на дрэваапрацоўку, кандытарскія і іншыя тавары, мы выдзяляць не маем намеру. Толькі канкрэтны праект, тэрміны і абавязкова запатрабаванасць як на ўнутраным, так і на знешнім рынку. Калі нам хочацца, але мы не можам гэта рабіць, то і размовы аб гэтым быць не можа", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

24 студзеня 2013, Мінск
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/872/19104
Текущая дата: 19.11.2024