Беларускі дом у Празе адкрыў сайт www.beldom.cz, лозунг якога — "Быць беларусам прэстыжна і высакародна". Аб гэтым паведаміла кіраўнік рэсурсу Наталля Маковік.
Паводле яе слоў, галоўная мэта сайта — прыцягнуць беларусаў, што жывуць у Чэхіі, да беларускіх праектаў. "У краіне жыве 4.129 грамадзян Беларусі. І толькі некалькі дзясяткаў бяруць удзел у акцыях па падтрымцы палітвязняў альбо цікавяцца беларускімі культурніцкімі імпрэзамі. Мы хочам гэтую сітуацыю змяніць", — адзначыла Маковік.
Яна распавяла, што сайт www.beldom.cz акумулюе звесткі аб усім, што адбываецца ў Чэхіі на беларускую тэму. "Тут можна даведацца аб беларускамоўных літургіях у Празе, запісаць сваіх дзетак у беларускую нядзельную школу, раздрукаваць запрашэнні на выставу "Невядомая БНР", пабачыць расклад спартовых мерапрыемстваў у Чэхіі з удзелам беларускіх спартоўцаў і г.д.", — сказала Маковік.
Акрамя гэтага, падкрэсліла яна, праект прапануе дапамогу беларусам: прадпрымальнікі могуць атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю пры рэгістрацыі фірмы, таленавітыя фатографы — выйграць адпачынак на курорце, а блогеры — зарабляць грошы за лепшыя артыкулы пра жыццё беларусаў у Чэхіі.
"Калі на вулічныя акцыі па падтрымцы беларускіх палітвязняў у Празе будзе прыходзіць не дзесяць, а трыста чалавек — і гэта дзякуючы таму, што на www.beldom.cz была надрукаваная абвестка, — то гэта будзе перамога, — упэўнена Наталля Маковік. — А доўгатэрміновая задача такая: з 4.129 грамадзян Беларусі, якія жывуць у Чэхіі, толькі 2.013 назвалі сябе беларусамі, а 826 заявілі, што іх родная мова беларуская. Мы даможамся, каб усе чатыры тысячы чэшскіх беларусаў ганарыліся тым, што яны беларусы, і лічылі роднай мовай — беларускую".
Ганна Афоніна, БелаПАН
Мінск, 15 студзеня 2013
Мінск, 15 студзеня 2013
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/875/18943
Текущая дата: 19.11.2024