Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі будзе створаны адзіны рэгістр трансплантацыі



Міністэрству аховы здароўя Беларусі даручана зацвердзіць парадак стварэння і вядзення адзінага рэгістра трансплантацыі.

Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 27 снежня 2012 года № 1216, паведаміла прэс-служба ўрада.

У рэгістр будуць унесеныя звесткі пра асоб, якія заявілі аб сваёй нязгодзе на забор органаў і тканак пры наступленні іх смерці, а таксама пра людзей, якім праведзена трансплантацыя. Стварэнне такога рэгістра дазволіць ажыццяўляць кантроль за выкарыстаннем органаў і тканак чалавека, забяспечыць аператыўнае аказанне медыцынскай дапамогі асобам, якія маюць патрэбу ў трансплантацыі, мяркуюць ва ўрадзе.

Па колькасці трансплантацый органаў Беларусь займае першае месца сярод краін СНД. За студзень—лістапад 2012 года выканана 251 аперацыя па трансплантацыі органаў, з іх 50 — печані, 182 — ныркі, 19 — сэрца.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 4 студзеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/878/18770
Текущая дата: 19.11.2024