Белорусский портал в Казахстане

Інфармацыя пра выдачу віз для 600 тысяч кітайскіх рабочых - "лухта"



Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных назваў "лухтой і фенаменальным глупствам" інфармацыю расійскага інтэрнэт-рэсурсу "Газета.Ru" пра выдачу беларускіх віз для 600 тысяч кітайскіх рабочых.

13-га снежня расійскі рэсурс са спасылкай на "пастаянную і надзейную крыніцу "Газеты.Ru" ў беларускім Саўміне" паведаміў, што адпаведныя дакументы пра выдачу віз для 600 тысяч кітайскіх рабочых, якія павінны працаваць на будаўніцтве беларуска-кітайскага тэхнапарку ў Смалявічах (Мінская вобласць), былі падпісаны яшчэ летам.

Савіных паведаміў БелаПАН, што ў 2012 годзе консульскімі ўстановамі Беларусі было выдадзена прыкладна 400 тыс. віз замежным грамадзянам, у тым ліку віз з правам на працу — прыблізна тысячу. Ён адзначыў, што гэтыя лічбы супастаўныя са звесткамі статыстыкі мінулага года. Пра колькасць віз, выдадзеных грамадзянам Кітая, Савіных не сказаў. Паводле яго слоў, у наступным годзе не плануецца пашыраць штат консульскага аддзела ў пасольстве Беларусі ў Кітаі з мэтай выдачы большай колькасці віз.

Інфармацыю аб прыцягненні ў Беларусь 600 тыс. кітайскіх будаўнікоў, распаўсюджаную ў СМІ, Савіных пракаментаваў так: "Гэта лухта і фенаменальнае глупства".

Міжурадавае беларуска-кітайскае пагадненне аб стварэнні сумеснага індустрыяльнага парку было падпісана ў Мінску ў верасні 2011 года і ў снежні — ратыфікавана парламентам Беларусі. 5 чэрвеня 2012 года ўказ аб стварэнні беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Пад будаўніцтва выдзяляецца плошча 8 тыс. 48 га. Індустрыяльны парк будзе ўяўляць сабою асобную эканамічную зону, надзеленую на 50 гадоў спецыяльным прававым рэжымам. Прыярытэтныя кірункі, вызначаныя да развіцця ў парку, — электроніка, біямедыцына, тонкая хімія і машынабудаванне.

Мясцовыя жыхары і дачнікі актыўна пратэстуюць супраць будаўніцтва парку. Яны ўпэўнены, што ад такога маштабнага праекта, які прадугледжвае стварэнне сотняў прадпрыемстваў, непазбежна пацерпіць экалогія гэтых месцаў. Да таго ж эколагі заяўляюць, што індустрыяльная забудова ў рэкрэацыйнай зоне Мінска сур`ёзна пагоршыць экалагічнае становішча ў мегаполісе.

Алена Спасюк, Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 13 снежня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/886/18324
Текущая дата: 19.11.2024