Белорусский портал в Казахстане

Пры спробе незаконнага перасячэння беларуска-польскай мяжы затрыманы двое грамадзян Пакістана



Брэсцкія пагранічнікі затрымалі двух грамадзян Пакістана, якія спрабавалі нелегальна трапіць у Польшчу.

Як паведамілі ў прэс-службе Брэсцкай пагранічнай групы, 12 кастрычніка а першай гадзіне ночы была атрымана інфармацыя пра парушэнне мяжы, якое рыхтуецца двума невядомымі ў раёне аднаго з участкаў сігналізацыйнага комплексу пагранічнай заставы "Брэст". Праз 10 хвілін у пагранічнай паласе былі затрыманы двое мужчын 1989 года нараджэння. Пры сабе яны мелі пашпарты, выдадзеныя ў Пакістане, мабільныя тэлефоны, асабістыя рэчы, 200 долараў ЗША і 2 тыс. рупій.

Свае намеры трапіць у Еўрасаюз пакістанцы растлумачылі пошукам лепшага жыцця. Маладыя людзі дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання Брэсцкай пагранічнай групы для далейшага разбору. У іх дачыненні складзены адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне мяжы.

Паводле інфармацыі прэс-службы, з пачатку года брэсцкімі пагранічнікамі затрымана 120 парушальнікаў мяжы, з іх 26 — з Афра-азіяцкага рэгіёну. Гэта грамадзяне такіх дзяржаў, як Непал, Егіпет, Конга, Нігерыя, Індыя, Алжыр, Іран, Пакістан і Палесціна.

Ларыса Шыганава, БелаПАН
Брэст, 13 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/903/16816
Текущая дата: 19.11.2024