Белорусский портал в Казахстане

Пачаўся новы навучальны год



Сёлета, паводле звестак Міністэрства адукацыі Беларусі, у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі будуць вучыцца больш чым 900 тысяч школьнікаў, у тым ліку звыш 91 тысячы першакласнікаў.

Сёння ў школах, гімназіях і ліцэях замест звычайных заняткаў пройдзе традыцыйны Дзень ведаў.

У новым навучальным годзе будуць працаваць 3 тысячы 323 установы агульнай сярэдняй адукацыі. Адкрылася 6 новых школ, у той час як закрыліся 202 — гэта ў асноўным малакамплектныя школы ў сельскай мясцовасці.

Старшыня грамадскага аб`яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) Алег Трусаў звяртае ўвагу на тое, што практычна ва ўсіх закрытых школах выкладанне вялося на беларускай мове. Большасць школ з выкладаннем на беларускай мове знаходзяцца якраз у сельскай мясцовасці, дадаў Трусаў.

Летась, паводле звестак ТБМ, на беларускай мове вучыліся каля 19% школьнікаў краіны. Сёлета іх, верагодней за ўсё, стане яшчэ менш, лічыць Трусаў.

У гарадах найбольш спрыяльная сітуацыя з беларускамоўным навучаннем назіраецца ў Мінску, дзе на роднай мове працуюць 6 школ-гімназій. Беларускамоўныя класы ёсць і ў іншых школах сталіцы. Аднак, нягледзячы на гэта, на беларускай мове ў Мінску вучацца ўсяго 1,5—2% школьнікаў.

Што да іншых буйных гарадоў, то ні ў аднам з пяці абласных цэнтраў Беларусі няма школы, дзе выкладанне поўнасцю вялося б па-беларуску, сцвярджаюць у ТБМ.

У гэтым навучальным годзе школьнікаў чакаюць новаўвядзенні — абавязковы экзамен па англійскай мове пасля завяршэння выпускнога 11-га класа.

Уведзена новая катэгорыя педагогаў — "настаўнік-метадыст". Гэтыя спецыялісты зоймуцца распрацоўкай новых праграм і падручнікаў, а таксама працай з найбольш адоранымі вучнямі.

Акрамя школ і гімназій, у новым навучальным годзе ў краіне будуць працаваць 216 устаноў прафтэхадукацыі, 220 сярэдніх спецыяльных і 55 вышэйшых навучальных устаноў.

У ВНУ будуць вучыцца амаль 450 тысяч чалавек, у ССНУ — 144,5 тысячы, у ПТВ — больш чым 81 тысяч (у мінулым навучальным годзе гэтыя лічбы складалі адпаведна 445.000, 167.000 і 100.000).

З гэтага года пачынаецца перавод спецыяльнасцей беларускіх ВНУ на чатырохгадовы тэрмін навучання — за кошт памяншэння сацыяльна-гуманітарнага блоку дысцыплін.

У краіне таксама плануецца змяніць правілы прыёму ў ВНУ, скасаваўшы большасць ільгот пры паступленні. Мяркуецца ўкараніць у ВНУ аўтаматызаваную сістэму залічэння.

Медыкі ўказваюць на трывожную тэндэнцыю — здароўе школьнікаў працягвае пагаршацца. Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, да заканчэння школы хранічныя хваробы маюць звыш 18% падлеткаў.

Найбольш распаўсюджаныя сярод школьнікаў хваробы дыхання, вачэй і органаў стрававання. Асноўнымі прычынамі росту захворвання школьнікаў спецыялісты называюць высокія псіхалагічныя і фізічныя нагрузкі.

Яшчэ адна праблема ў сістэме школьнай адукацыі Беларусі — падзенне прэстыжу прафесіі настаўніка і пагаршэнне якасці выкладання. Асабліва знізіліся веды школьнікаў па дакладных дысцыплінах, фізіцы і матэматыцы.

З заявай аб неабходнасці прыняць меры па павышэнні прэстыжу працы настаўніка выступіў на прэс-канферэнцыі 30 жніўня старшыня парламенцкай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Уладзімір Здановіч. Ён прапанаваў павысіць зарплату настаўнікам, вызваліць іх ад дадатковай нагрузкі, даць права датэрміновага выхаду на пенсію, а таксама прыняць меры па вырашэнніі жыллёвага пытання.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 1 верасня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/910/16190
Текущая дата: 19.11.2024