Белорусский портал в Казахстане

Расійскага фізіка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага дэпартавалі з Беларусі



Расійскага фізіка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага, які адбыў 28 ліпеня 10-сутачны адміністрацыйны арышт па абвінавачанні ў дробным хуліганстве, сёння раніцай дэпартавалі з Беларусі.

Яму забаронены ўезд у краіну на працягу 10 гадоў.

Паведамленне пра высылку падпісана часовым выканаўцам абавязкаў начальніка Маскоўскага РУУС. У гэтым дакуменце ўказана, што разгляд пытання пра дэпартацыю будзе праходзіць у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў прыкладна ў 8 гадзін раніцы і Ажароўскі можа прысутнічаць пры гэтым. Аднак пытанне пра дэпартацыю было разгледжана без Ажароўскага, паколькі яго ўжо пасадзілі ў цягнік і адправілі ў Смаленск.

Маскоўскае РУУС вырашыла гэта пытанне ў пазасудовым парадку на той падставе, што Ажароўскі быў асуджаны за дробнае хуліганства. Гэта адбылося нягледзячы на тое, што ў адпаведнасці з заканадаўствам пастанова пра адміністрацыйны арышт яшчэ не набыла моцы, бо была абскарджана ў пяцідзённы тэрмін. Касацыйная скарга на пастанову суда аб адміністрацыйным арышце Ажароўскага будзе разглядацца 30 ліпеня Мінскім гарадскім судом.

"У Мінску засталіся мае рэчы і патрэбныя мне дакументы. Маю крэдытную картку забралі з маіх асабістых рэчаў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў і купілі мне па ёй без майго дазволу білет на цягнік да Смаленска", — расказаў БелаПАН Ажароўскі.

Усе гэтыя падзеі ён расцэньвае як правакацыю ўлад, скіраваную не толькі супраць яго асабіста, але і супраць усяго антыядзернага руху Беларусі. "У прыхільнікаў АЭС у Беларусі не засталося іншых аргументаў, акрамя хлусні і правакацый", — гаворыць вучоны.

Гэта не першы выпадак, калі беларускія ўлады прымяняюць запалохванні і рэпрэсіі ў дачыненні да людзей, якія змагаюцца з небяспечным будаўніцтвам беларускай АЭС, лічыць Ажароўскі. "У свой час за пазіцыю супраць Астравецкай АЭС з працы быў звольнены дырэктар ландшафтнага заказніка Ігар Пастухоў, неаднаразова падвяргаўся судоваму пераследу і вобыскам Мікалай Уласевіч, жыхар вёскі Варняны пад Астраўцом, не так даўно быў затрыманы вучоны, доктар тэхнічных навук Георгій Лепін, — гаворыць ён. — Прыхільнікі беларускай АЭС баяцца адкрытай дыскусіі, звяртаюцца да запалохванняў, рэпрэсіяй. Яны пазбягаюць абмеркавання пытання па сутнасці, не знаходзяць, што адказаць на нашу крытыку. Гэта гаворыць толькі пра тое, што яны не маюць рацыі!"

Нагадаем, гэта другі арышт Андрэя Ажароўскага ў Беларусі, звязаны з яго крытыкай праекта беларускай АЭС. Упершыню ён быў арыштаваны ў Астраўцы за спробу ўвайсці ў залу грамадскіх слуханняў з матэрыяламі крытыкі ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, адным з аўтараў якой з`яўляўся.

Нагадаем, экалагічныя актывісты Таццяна Новікава і Андрэй Ажароўскі былі затрыманы ў Мінску 18 ліпеня. У 12.00 Новікава, Ажароўскі і старшыня праўлення грамадскага аб`яднання "Экадом" Ірына Сухій збіраліся перадаць у пасольства РФ у Мінску адкрыты зварот супраць падпісання генеральнага кантракта на будаўніцтва АЭС.

Таццяна Новікава, БелаПАН
Мінск, 28 ліпеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/917/15410
Текущая дата: 19.11.2024