Белорусский портал в Казахстане

Андрэй Пачобут вызвалены пад падпіску аб нявыездзе



Беларускі карэспандэнт польскай "Газеты выборчай" Андрэй Пачобут вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.

Журналіст, нагадаем, быў затрыманы 21 чэрвеня ў сваёй гродзенскай кватэры. У яго правялі вобыск, пасля чаго павезлі спачатку ў пракуратуру, а затым у следчы ізалятар.

У дачыненні да журналіста распачата справа па ч. 2 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэнта, учынены асобай, раней судзімай за паклёп або знявагу). Паводле звестак Следчага камітэта, з матэрыялаў праверкі вынікае, што ў шэрагу публікацый, падрыхтаваных Пачобутам і распаўсюджаных праз інфармацыйныя рэсурсы інтэрнэта, "утрымліваліся паклёпніцкія выказванні ў дачыненні да кіраўніка дзяржавы".

"У рамках праверкі былі прызначаны і праведзены шэраг лінгвістычных экспертыз. Згодна з заключэннямі экспертаў, у прадстаўленых публікацыях утрымліваюцца словы, фразы і выказванні, якія ўжываліся ў дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусі і якія адносяцца да паклёпу і дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь", — заявіў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю камітэта Павел Траулька.

30 чэрвеня Пачобуту ў прысутнасці адваката прад`явілі афіцыйнае абвінавачанне, а затым загадалі збіраць рэчы. "Я думаў, што будуць пераводзіць у іншую камеру, але мяне проста вывелі за вароты турмы", — расказаў журналіст сваім калегам у Гродне.

Пачобут не ведае, чым вылікана яго вызваленне пад падпіску аб нявыездзе. "Магчыма, гэта вынік нейкага націску. Або першапачаткова ўлады ведалі, што мяне не будуць "закрываць" да суда. Тут занадта шмат невядомага ў гэтай справе. Магчыма, я б больш мог сказаць, калі б размаўляў са следчымі. Але я адмовіўся даваць любыя паказанні, супрацоўнічаць са следствам. Таму я не шмат ведаю, акрамя таго, што напісана ў пастановах", — сказаў журналіст у інтэрв`ю "Радыё Свабода".

Арышт Пачобута выклікаў шырокі міжнародны рэзананс. Яго вызвалення патрабавалі ўлады Польшчы, кіраўніцтва Еўрасаюза і праваабарончыя арганізацыі. "Міжнародная амністыя" прызнала Пачобута вязнем сумлення.

Год таму Андрэя Пачобута ўжо судзілі па ч. 1 арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэнта). Тады суд Ленінскага раёна Гродна прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання на два гады. Цяпер журналісту пагражае пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў.

"Я разумею, што іх мэта — запужаць мяне. Але я не баюся", — заявіў Пачобут, выйшаўшы з турмы.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 1 ліпеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/925/14897
Текущая дата: 19.11.2024