Белорусский портал в Казахстане

Рэспубліканская кантрольна-аналітычная лабараторыя Цэнтра экспертыз і выпрабаванняў сертыфікавана Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя



Рэспубліканская кантрольна-аналітычная лабараторыя Цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя ўключана ў пералік прэкваліфікаваных лабараторый па кантролі якасці Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).

Як паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства аховы здароўя, лабараторыя займаецца праверкай якасці ўсіх лекавых сродкаў, што вырабляюцца ў Беларусі і ўвозяцца на яе тэрыторыю для рэалізацыі, каб абараніць спажыўца ад фальсіфікаваных медыцынскіх прэпаратаў.

Прызнанне СААЗ было атрымана па выніках удзелу беларускай лабараторыі ў праграме прэкваліфікацыі арганізацыі. Яна прадугледжвае працэдуры ацэнкі фармацэўтычнай прадукцыі, фармацэўтычных прадпрыемстваў, а таксама працэдуру ацэнкі лабараторый па кантролі якасці лекаў. Такіх лабараторый у Еўропе восем, у тым ліку ў Францыі, Нідэрландах, Партугаліі, ва Украіне, у Расіі.

Як зазначаюць спецыялісты, уключэнне беларускай лабараторыі ў пералік СААЗ дазволіць ёй не толькі працаваць на ўнутраным рынку, але і пашырыць міжнароднае супрацоўніцтва — праводзіць выпрабаванні лекавых сродкаў, што пастаўляюцца па праграмах ААН і іншых міжнародных арганізацый як у Беларусь, гэтак і ў іншыя краіны. Пакуль такія лекі тэставаліся толькі замежнымі еўрапейскімі лабараторыямі.

Пасля ўключэння беларускай лабараторыі ў пералік прэкваліфікаваных лабараторый па кантролі якасці СААЗ ажыццяўляе пастаянны кантроль яе дзейнасці. У тым ліку на рэгулярнай аснове праводзяцца паўторныя праверкі, ацэнка вынікаў удзелу ў адпаведных міжнародных міжлабараторных праграмах прафесійнага тэставання, разгляд скаргаў на вынікі аналізу або іншыя паслугі, якія аказваюцца лабараторыяй. Калі ўстаноўлена, што лабараторыі больш не адпавядаюць стандартам, яны выключаюцца з пераліку.

У Міністэрстве аховы здароўя зазначылі, што за апошнія сем гадоў у Беларусі не выяўлена ніводнага выпадку паступлення ў абарачэнне фальсіфікаваных лекавых  сродкаў. У 2011 годзе было праверана каля 100 тыс. партый лекавых сродкаў да паступлення іх у рэалізацыю, з якіх толькі 60 партый, або менш за 1%, прызнаныя неадпавядаючымі патрабаванням нарматыўнай дакументацыі па якасці.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 12 чэрвеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/929/14595
Текущая дата: 19.11.2024