Белорусский портал в Казахстане

У ліпені на свабоду ў Беларусі могуць выйсці 2800 чалавек



Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Беларусі падрыхтаваў праект Закона "Аб амністыі", які быў узгоднены з зацікаўленымі дзяржорганамі і ўнесены на разгляд у Савет Міністраў для далейшага прадстаўлення Прэзідэнту.

Гэты нарматыўны прававы акт не мае значных адрозніванняў ад папярэдніх законаў аб амністыі.

Паводле папярэдніх ацэнак, з месцаў пазбаўлення волі будзе вызвалена каля 2800 чалавек. Плануецца таксама скараціць тэрмін пакарання на 1 год больш як 7 тысячам асуджаных. Калі прапанаваны варыянт будзе адобраны ўсімі інстанцыямі, то ў ліпені будуць вызваленыя няпоўнагадовыя, цяжарныя жанчыны; жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць няпоўнагадовых дзяцей; інваліды І і ІІ груп, хворыя з анкалагічнымі захворваннямі, удзельнікі ліквідацыі наступстваў на ЧАЭС, пацярпелыя ад катастрофы на ЧАЭС, ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Будуць вызвалены і асобы, якія ўчынілі злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, і злачынствы, якія адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх, але пры ўмове вяртання нанесеных страт.

Амністыя-2012, як сказана ў праекце, не распаўсюджваецца на тых, да каго раней прымяняўся адпаведны закон. Не падлягаюць амністыі асобы, якія не вярнулі страты, нанесеныя злачынствам, і грамадзяне, якія не вярнулі дзяржаве даход, атрыманы ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Не будуць вызвалены і небяспечныя рэцыдывісты, тыя, хто не вярнуў расходы на дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, аб`яўленыя ў вышук з-за ўхілення адбывання пакарання па прысудзе суда.

У Дэпартаменце выканання пакаранняў падкрэслілі, што амністыя не распаўсюджваецца на тых асоб, якія злосна парушаюць устаноўлены парадак адбывання пакарання. Цяперашні закон — дванаццаты, пачынаючы з 1991 года.

У выніку мінулагодняй амністыі было вызвалена 2300 чалавек. Практыка паказвае, што рэцыдыў сярод раней амніставаных невялікі. Усё ж такі амністыя прымяняецца да таго, хто ўчыніў няцяжкае злачынства, упершыню парушыў закон, не парушаў устаноўленага парадку адбывання пакарання.

Святлана Барысенка
Звязда, 25 мая 2012


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/934/14276
Текущая дата: 19.11.2024