Белорусский портал в Казахстане

Работнік аднаго з мінскіх заводаў аб`еў сваіх калег на чатыры мільёны рублёў



23-гадовы трактарыст аднаго з мінскіх заводаў прыдумаў план асабістай эканоміі на прадуктах харчавання.

Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, на прадпрыемстве, дзе працаваў малады чалавек, харчаванне ў сталовай і буфетах выдавалася па прад`яўленні службовага пропуску з асабістым нумарам і фота, і толькі потым выкарыстаныя сумы вылічваліся з заработнай платы. Пры гэтым на практыцы непасрэдна самі пропускі супрацоўнікі заводскага грамадскага харчавання не заўсёды патрабавалі да прад`яўлення і абмяжоўваліся толькі вуснай інфармацыяй аб асабістым нумары работніка. Гэтую акалічнасць і вырашыў скарыстаць прадпрымальны трактарыст.

Даведаўшыся нумар аднаго са сваіх калег, малады чалавек на касе ў сталовай назваў яго. Супрацоўніца сталовай памеціла нумар, але не папрасіла прад`явіць сам пропуск. Натхніўшыся поспехам, ён прадоўжыў выкарыстоўваць такую схему. Пры гэтым "пазычыў" яшчэ адзін асабісты нумар у другога свайго калегі, з якім, дарэчы, разам здымаў кватэру. У выніку больш чым за два месяцы, ні ў чым сабе не адмаўляючы, трактарыст аб`еў сваіх калег на два мільёны рублёў кожнага.

Такая істотная ўцечка заработнай платы не магла застацца незаўважанай. Высветліўшы, што значная частка грошай пайшла на траты, да якіх не маюць дачынення, калегі трактарыста звярнуліся па дапамогу ў міліцыю. Праваахоўнікі неўзабаве ўстанавілі асобу нахлебніка і затрымалі яго.

Як патлумачыў начальнік Партызанскага раённага аддзела Следчага камітэта Сяргей Саланец, цяпер у дачыненні да затрыманага распачата крымінальная справа па падазрэнні ў махлярстве. Маладому чалавеку можа пагражаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да трох гадоў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 30 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/940/13906
Текущая дата: 19.11.2024