Белорусский портал в Казахстане

Урад і Нацбанк Беларусі дыферэнцыравалі тэрміны завяршэння знешнегандлёвых аперацый пры пастаўцы дарагой тэхнікі на экспарт



Пра гэта паведамляе прэс-служба ўрада.

Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў і Нацыянальнага банка Беларусі ад 11 красавіка 2012 года № 327/8.

Дакумент уносіць змяненні і дапаўненні ў пастанову ўрада і Нацбанка ад 5 лістапада 2011 года № 1483/22 "Аб устанаўленні тэрмінаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый па асобных відах знешнегандлёвых дагавораў і ўмовах прадаўжэння тэрмінаў завяршэння знешнегандлёвых аперацый".

Як паведамляе прэс-служба ўрада, унясенне змяненняў у заканадаўства абумоўлена тым, што неабходна павышаць канкурэнтаздольнасць айчынных тавараў за кошт давання пакупнікам адтэрміноўкі плацяжу і павелічэння аб`ёмаў экспарту.

У прэс-службе ўдакладняюць, што прадугледжаная пастановай № 1483/22 норма аб завяршэнні знешнегандлёвых аперацый пры экспарце дарагой (звыш 100 тыс. еўра ў эквіваленце) тэхнікі не пазней за 720 дзён з дня адгрузкі тавараў распаўсюджваецца на вельмі абмежаванае кола экспартуемай прадукцыі. Гэта звязана з тым, што кошт асноўных мадэляў тэхнікі не перавышае 50-70 тыс. еўра. "У выніку практычна немагчыма было прымяняць такую норму для тэхнікі таннейшай за 100 тыс. еўра, а гэта цягне скарачэнне экспарту", — канстатуюць ва ўрадзе.

Таксама пастановай устанаўліваюцца індывідуальныя тэрміны завяршэння знешнегандлёвых аперацый пры пастаўцы на экспарт машынакамплектаў, маторакамплектаў, трактаракамплектаў, камбайнакамплектаў і іншых камплектуючых вырабаў у адрас арганізаваных за мяжой сумесных прадпрыемстваў, зборачных вытворчасцяў, а таксама запасных частак, ліфтаў і ліфтавага абсталявання.

"Гэта неабходна для павелічэння канкурэнтаздольнасці рэалізуемай на знешніх рынках прадукцыі прадпрыемствамі Міністэрства прамысловасці, якія маюць за мяжой сумесныя прадпрыемствы і вытворчасці. Выпускаемая на іх прадукцыя з камплектуючых беларускіх прадпрыемстваў атрымлівае статус "айчыннай" у гэтых краінах і ўключаецца ў федэральныя і рэгіянальныя схемы патаннення пры яе набыцці", — тлумачаць у прэс-службе ўрада.

Пастановай таксама ўстаноўлены тэрміны знешнегандлёвых аперацый для фармацэўтычнай прадукцыі.

Андрэй Кажамякін, БелаПАН
Мінск, 16 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/946/13579
Текущая дата: 18.11.2024