Белорусский портал в Казахстане

За паўгадзіны 34-гадовы жыхар Беразіно пазбавіўся вадзіцельскіх пасведчанняў на трактар і на аўтамабіль



За паўгадзіны 34-гадовы жыхар Беразіно двойчы папаўся п`яным за рулём.

Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, інцыдэнт адбыўся днямі ў Мінску. Раніцай супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі на вуліцы Ваўпшасава спынілі экскаватар, каб праверыць у вадзіцеля дакументы. Ад мужчыны зыходзіў моцны пах алкаголю. Як патлумачыў парушальнік, напярэдадні ён выпіў два літры піва.

"Пры правядзенні агляду ў крыві парушальніка было выяўлена каля адной праміле алкаголю, — расказаў інспектар дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ Партызанскага РУУС Мінска Віталь Гуманаў. — Вадзіцель ад кіравання быў адхілены, і пасля складання адміністрацыйнага пратакола адпушчаны".

Аднак, замест таго каб сесці на грамадскі транспарт, мужчына вырашыў дабрацца дамоў на асабістым аўтамабілі. Праўда, далёка ад`ехаць ён не паспеў: на гэтай жа вуліцы парушальніка зноў спынілі інспектары ДПС. На гэты раз у трактарыста было канфіскавана вадзіцельскае пасведчанне на аўтамабіль.

Дарэчы, вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі В мужчына атрымаў толькі ў мінулым годзе і з дзясятага разу — менавіта столькі спроб яму спатрэбілася, каб вытрымаць тэарэтычны экзамен па Правілах дарожнага руху.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 10 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/949/13458
Текущая дата: 18.11.2024