Белорусский портал в Казахстане

Без роднай мовы не будзе якаснай адукацыі



Забарона роднай мовы – гэта шлях у каменны век.

У № 9 "Нашай Нівы" ад 14-га сакавіка было пастаўлена пытанне да чытачоў, бацькоў, настаўнікаў: «Якія, на вашу думку, галоўныя праблемы ў сучаснай школе?»

Мой жыццёвы досвед сведчыць: хто б як ні казаў, чым бы не апраўдваў альбо ні крытыкаваў нізкі ўзровень выпускнікоў школ, студэнтаў і далей спецыялістаў, не мае аніякай падставы, калі рубам не ставіцца, не падымаецца пытанне ведання роднай мовы і выкладання ўсіх прадметаў толькі на ёй, без усялякага выключэння, нават фізкультуры.

Родная мова — гэта самы галоўны стрыжань, які абрастае і ўсмоктвае ўсе іншыя навукі. Родная мова ўжо генетычна закладзеная ў чалавечым мозгу, беларуская ў беларуса, эстонская ў эстонца, чэшская ў чэха. Не ведаючы роднай мовы, нават табліцу множання складана вывучыць адразу на чужой мове.

Лукашэнку зусім не патрэбныя адукаваныя людзі, бо яны не дазволяць яму пажыццёвае панаванне, з перадачай улады па прынцыпу Паўночнай Карэі. Лукашэнку патрэбны толькі спецназаўцы, хакеісты, футбалісты, а ім адукацыя непатрэбная, галоўнае сіла ёсць — розум лішні.

Я быў вельмі здзіўлены, калі з СМІ даведаўся, што ў Беларусі 13,3% насельніцтва наагул нават не ўмее чытаць і гэта мы назіраем у 21-м стагоддзі. Страшная статыстыка. Таму я цвёрда ўпэўнены, што да таго часу, пакуль родная беларуская мова не будзі адзінай дзяржаўнай у Беларусі, народ з цягам часу можа стаць зусім неадукаваным.

Забарона роднай мовы — гэта шлях у каменны век. Таму той, хто сапраўды хоча атрымліваць веды і быць адукаваным чалавекам, павінен рашуча не на словах, а на справе змагацца за вяртанне Канстытуцыі 1994, бо менавіта там знаходзіцца ключ да ўсяго таго, каб нам адукаванымі людзьмі быць і звацца імі. На вялікі жаль, гэтага нават не разумеюць многія палітыкі дэмакратычнага кірунку.

Мне цікава, што лепей для вашых дзяцей, унукаў, родных, сваякоў дасканала ведаць якую з замежных моў? Рускую ці англійскую? Рускую ці іспанскую? Рускую ці нямецкую? Рускую ці японскую? Рускую ці кітайскую?

Упэўнены, што кожны нармальны чалавек аддасць перавагу не рускай.

Вельмі вялікі грэх не ганарыцца моваю Гусоўскага, Багушэвіча, Тарашкевіча, Купалы, Коласа, Караткевіча, Быкава, Гілевіча, а так бясконца можна доўжыць. Чалавек без роднай мовы ён не толькі невук, але ён без душы, як той гнілы пень.

Мікола Канаховіч, Пружаны
Наша Ніва, 7 красавiка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/950/13376
Текущая дата: 18.11.2024