Белорусский портал в Казахстане

Курс беларускага рубля ўпасці ніжэй за 8 тысяч беларускіх рублёў не павінен



Такое меркаванне выказала кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова на прэс-канферэнцыі 4 красавіка.

"Напэўна, ніжэй за 8 тысяч курс ужо не можа апусціцца. Мы бачым, што эканоміка зарыентавалася на гэты курс. Таму курс ніжэй за 8 тысяч рублёў — гэта будзе, напэўна, няправільна", — сказала Ермакова.

Пры гэтым яна падкрэсліла, што Нацбанк рубель не ўмацоўвае, а рэгулюе курс, каб "не было рэзкіх вуглоў". Задача галоўнага банка краіны не дапусціць рэзкіх скачкоў курсу, дадала кіраўнік Нацбанка.

Разам з тым Ермакова зазначыла, што які-небудзь прагноз, у тым ліку ў частцы курсаўтварэння, — "рэч няўдзячная". "Але, у прынцыпе, калі сітуацыя ў эканоміцы будзе развівацца так, як гэта было ў першым квартале, то курс будзе трымацца ў межах 8—8,5 тысяч", — прагназуе яна.

Ермакова таксама нагадала, што паказчыкі эканамічнага развіцця гэтага года ў Беларусі разлічваліся, зыходзячы з сярэднеўзважанага курсу па гэтым годзе на ўзроўні 9.150 рублёў за долар.

Яна таксама паведаміла, што асноўны аб`ём валютнай выручкі паступае на Беларускую валютна-фондавую біржу ў расійскіх рублях. Разам з тым асноўныя разлікі за імпарт Беларусь праводзіць за долары ЗША. У тым ліку гэтай акалічнасцю тлумачыцца тое, што іншы раз попыт на долары на біржы перавышае іх прапанову, патлумачыла кіраўнік Нацбанка.

Як паведаміла Ермакова, асноўны аб`ём куплі валюты на біржы ідзе для пагашэння крэдытаў, разлікаў газавікоў, нафтавікоў, а таксама пад закупку медыкаментаў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 4 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/951/13277
Текущая дата: 18.11.2024