Белорусский портал в Казахстане

АГП распачынае кампанію "За сумленныя выбары"



Аб`яднаная грамадзянская партыя распачынае кампанію "За сумленныя выбары". Такое рашэнне прынята дэлегатамі чарговага справаздачна-выбарнага з`зда АГП, які праходзіць 31 сакавіка ў Мінску.

Паводле слоў лідара партыі Анатоля Лябедзькі, у Беларусі зараз няма свабодных і дэмакратычных выбараў. "Удзел у выбарчай кампаніі згодна з правіламі ўлады стварае ілюзію правядзення выбараў у краіне і спрыяе легітымацыі вынікаў выбарчай кампаніі сярод значнай часткі насельніцтва. У той жа час байкот выбараў патрабуе вялікіх сродкаў, якіх няма ні ў партыі, ні ў апазіцыі. Таму сёння такая стратэгія таксама неэфектыўная", — сказаў ён.

Лябедзька лічыць, што самым правільным у такой сітуацыі з`яўляецца рэалізацыя свайго альтэрнатыўнага варыянта падчас выбарчай кампаніі. "Мы прапануем выкарыстоўваць выбарчую кампанію для дасягнення нашых уласных мэт і задач. Мы ўпершыню хочам навязаць свой сцэнарый уладам", — сказаў ён.

План АГП прадугледжвае фарміраванне спіса спікераў — кандыдатаў у дэпутаты, галоўнай задачай якіх з`яўляецца данясенне да выбаршчыкаў "паслання: Лукашэнка — гэта тупік, выхад з тупіка — сумленныя выбары без Лукашэнкі". Спікеры будуць вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты праз партыйны механізм. Яны не будуць выкарыстоўваць грашовыя рэсурсы ўлады (іх пасля зняцця давялося б вяртаць назад), замест гэтага — праводзіць свае кампаніі на сродкі індывідуальных фінансавых фондаў.

Падчас агітацыйнай кампаніі кандыдаты ад АГП будуць заклікаць грамадзян далучыцца да кампаніі "За сумленныя выбары". Пачаць яе прапануецца з пратэсту, адмовіўшыся ад удзелу ў галасаванні, а калі выбаршчыка прымусілі прыйсці на ўчастак, то зрабіць гэта ў апошні дзень і прагаласаваць супраць усіх. Да пачатку датэрміновага галасавання кандыдаты ў дэпутаты будуць зняты з выбарчай гонкі рашэннем партыйнага з`езда.

Лябедзька лічыць, што такая стратэгія партыі — гэта "значна лепш, чым ісці на выбары да канца з надзеяй трапіць нейкім чынам у Палату прадстаўнікоў". "Парламент у Беларусі прызначаецца Лукашэнкам, а мы хочам быць у яго сумленна абранымі", — падкрэсліў ён.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 31 сакавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/952/13174
Текущая дата: 18.11.2024