Белорусский портал в Казахстане

Сёлета правілы паступлення ў ВНУ Беларусі не зменяцца



Навіна пра тое, што Правілы прыёму ў ВНУ і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы вырашана не змяняць, прагучала 24 лютага як гром сярод яснага неба.

Пра неабходнасць сур`ёзнай карэкціроўкі дзейнага парадку адбору прэтэндэнтаў на студэнцкі білет было заяўлена адразу пасля завяршэння мінулагодняй прыёмнай кампаніі. І яшчэ восенню была падрыхтавана новая рэдакцыя правіл прыёму з улікам усіх прапаноў, якія паступілі ад Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзеннем уступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах.

Першапачаткова планавалася, што новыя правілы будуць зацверджаныя яшчэ да канца 2011 года. Аднак час ішоў, а пра з`яўленне новых правіл чутно не было, хоць грамадская думка да іх з`яўлення і, у прыватнасці да адмены льгот, была падрыхтаваная... І вось учора першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук, які ўдзельнічаў у выніковай калегіі Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, заявіў, што ніякіх змяненняў у 2012 годзе не будзе: і асобны конкурс для гарадскіх і сельскіх абітурыентаў, і льготы пры паступленні для пэўных катэгорый абітурыентаў у гэтым годзе вырашана захаваць.

Шчыра кажучы, абсалютна незразумела, чым была выклікана такая рэзкая змена курсу, паколькі і члены дзяржаўнай камісіі, і прадстаўнікі галоўнага адукацыйнага ведамства, і кіраўнікі ВНУ аднолькава ацэньвалі сітуацыю: ільготы, што прадстаўляліся абітурыентам, часта ішлі ім не на карысць, залічаныя на льготных умовах не заўсёды спраўляліся з адукацыйнай праграмай і гэта парушала адзін з галоўных прынцыпаў — аб`ектыўнасць і справядлівасць адбору прэтэндэнтаў на студэнцкі білет. Нярэдка прэферэнцыі, што даваліся абітурыентам з сельскай мясцовасці, фактычна гарантавалі ім пазаконкурснае паступленне, прычым на вельмі прэстыжныя спецыяльнасці. Гэта значыць, што калі на пэўную спецыяльнасць падаваў заяўку ўсяго адзін абітурыент-вясковец, то незалежна ад яго сумы балаў ён аўтаматычна залічваўся ў кола студэнтаў. У БДУ такая сітуацыя назіралася летась пры паступленні на 15 спецыяльнасцяў, у тым ліку і на такую звышпрэстыжную спецыяльнасць, як "міжнароднае права".

А сітуацыя з залічэннем абітурыентаў-ільготнікаў і ўвогуле даходзіла да абсурду. Так, у БДУ на спецыяльнасць "псіхалогія" быў залічаны летась ільготнік з кола дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі, які набраў усяго 108 балаў. Пры гэтым не змог стаць студэнтам абітурыент, які набраў 296 балаў — амаль утрая больш! На спецыяльнасць "паліталогія" ў БДУ па-за конкурсам быў залічаны абітурыент, які набраў 112 балаў, а абітурыент, які меў 337 балаў, застаўся за бортам. Аналагічныя сітуацыі назіраліся штогод таксама ў БНТУ, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, БДЭУ і ў іншых універсітэтах.

Яшчэ адно важнае новаўвядзенне, якога ўсе чакалі, — гэта павышэнне "вагі" профільнай дысцыпліны пры падліку прахаднога бала пры паступленні на прыродазнаўча-навуковыя спецыяльнасці ВНУ (матэматыка, фізіка, хімія, біялогія). З дапамогай каэфіцыента "2" для профільнай дысцыпліны збіраліся падтрымаць найбольш матываваных маладых людзей, якія набіраюць высокія балы па профільных прадметах, але не праходзяць па агульным конкурсе. Так, як гэта было, напрыклад, у БДУ на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, дзе пры паступленні на дзённую бюджэтную форму навучання абітурыент, які набраў 84 балы са 100 магчымых па абодвух прадметах (матэматыка і фізіка) на змог прайсці па конкурсе. Затое былі залічаны абітурыенты, якія набралі па профільных прадметах значна меншыя балы, але мелі пэўную перавагу перад канкурэнтамі за кошт сертыфікату ЦТ па дзяржаўнай мове і сярэдняга бала атэстата. А на фізічным факультэце ў залічаных на дзённую бюджэтную форму навучання ўдзельная "вага" двух профільных прадметаў (матэматыкі і фізікі) у агульнай суме набраных балаў складала толькі 37 працэнтаў, у той час як дзяржаўная мова і сярэдні бал дакумента аб адукацыі заняў асноўную долю — 63 працэнты. Абсалютна незразумела, каго адбіралі: на фізфак будучых філолагаў ці людзей з матэматычным складам розуму?

Відаць па ўсім, з усіх рацыянальных прапаноў па ўдасканаленні парадку прыёму ў ВНУ пакінуць толькі адну — будзе зноў уведзены "ніжні парог", які не дазволіць удзельнічаць у конкурсе абітурыентам з вельмі нізкімі баламі. Справа ў тым, што пасля адмены ў 2008 годзе "ніжняй мяжы" ў ВНУ змаглі паступаць абсалютна ўсе ахвотныя, якія набралі на цэнтралізаваным тэсціраванні 1 бал і больш. Таму ў спісах залічаных пачалі знаходзіць сябе і тыя, хто хадзіў у школе ў "круглых двоечніках". Ну хіба можна было раней стаць студэнтам ВНУ, маючы сярэдні бал атэстата 3,2 па дзесяцібальнай шкале і "двойкі" па ўсіх асноўных школьных дысцыплінах (фізіцы, матэматыцы, хіміі і мове)? А цяпер можна... Праўда, дзе будзе праходзіць ніжняя мяжа, стане вядома пазней. І калі яе агучаць (да пачатку правядзення ЦТ або пасля праверкі ўсіх работ яго ўдзельнікаў), застаецца пакуль што тайнай...

Трэба таксама нагадаць, што існаванне льгот для пэўных катэгорый абітурыентаў называлася адной з прычын, па якіх тармозіцца ўкараненне ў краіне электроннай сістэмы залічэння абітурыентаў. Усеагульны пераход на новую сістэму быў запланаваны на 2014 год, пасля абкаткі яе ў 2013 годзе на групе медыцынскіх ВНУ. У распрацоўку аўтаматызаванай сістэмы залічэння былі ўкладзены вялізныя сродкі. Няўжо дарэмна?

Надзея Нікалаева
Звязда, 25 лютага 2012


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/960/12467
Текущая дата: 18.11.2024