Белорусский портал в Казахстане

"Нашы эканамісты, сацыёлагі, палітолагі не змаглі пакуль даць належную ацэнку таму ўнікальнаму феномену, які ўяўляе сабой сучаснае беларускае грамадства"



Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 7 лютага ў Мінску на цырымоніі ўручэння дыплома доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам.

Адзначыўшы працу некаторых вучоных, Лукашэнка выказаў шкадаванне, што сувязі "з актуальнымі сацыяльнымі праблемамі не бачна ў шматлікіх грамадскіх і гуманітарных даследаваннях" беларускіх вучоных. "У навуковым асяроддзі не спыняюцца спробы забыць славянскія карані беларускага народа, растварыць наша мінулае ў гісторыі як Польшчы, так і Літвы", — цытуе беларускага кіраўніка прэс-служба прэзідэнта.

У якасці прыкладу дасягненняў вучоных-гуманітарыяў Лукашэнка прывёў доктарскую дысертацыю загадчыка кафедры Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя Пушкіна Аляксандра Вабішчэвіча аб барацьбе беларусаў за захаванне культурнай самабытнасці пад уладай Польшчы ў 1920—1930-я гады, а таксама працу дацэнта БДУ Алены Сурковай аб старажытнаславянскіх асновах беларускай мовы.

"Аднак галасы такіх вучоных слаба чутныя ў нашай прэсе і грамадстве ў цэлым. Таму сёння хацелася б пагаварыць і пра тое, як павялічыць актуальнасць і практычную аддачу ад дысертацый. Нельга ўспрымаць навуку як спосаб самасцвярдзіцца за дзяржаўны кошт", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

"Сродкі будуць накіроўвацца туды, адкуль мы можам атрымаць аддачу. Давайце навуку чысціць ад усякага роду прыліпалаў. Доктар навук, прафесар — гэта гучыць горда. І ўладальнікамі гэтых званняў і ступеняў становяцца вялікія грамадзяне нашай краіны, — сказаў Лукашэнка. — Я хачу, каб укладзеныя грошы прыносілі сур`ёзную аддачу".

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 7 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/967/12236
Текущая дата: 18.11.2024