Белорусский портал в Казахстане

Вацлаў Арэшка: Я не бачу ні рэальнай палітычнай кааліцыі, ні рэальнай палітычнай волі да супольнай сур`ёзнай працы



19 снежня грамадзянскі актывіст Вацлаў Арэшка пракаментаваў выказванні прадстаўнікоў дэмакратычных сіл на пасяджэнні круглага стала, прысвечанага гадавіне выбараў прэзідэнта Беларусі, і зрабіў свой прагноз на наступныя палітычныя гады.

Паводле слоў Арэшкі, сур`ёзных вынікаў падзей 19 снежня 2010 года беларуская апазіцыя пакуль не зрабіла. "Практычна ўся размова была прысвечана апраўданням таму, што здарылася. Усе разумеюць, што здарылася нешта не тое. Што я не пачуў — гэта што трэба рабіць далей. Пакуль я не бачу ні рэальнай палітычнай кааліцыі, ні рэальнай палітычнай волі да супольнай сур`ёзнай працы", — заявіў грамадзянскі актывіст.

На думку Арэшкі, усе кандыдаты на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года мелі розныя мэты, што не дало ім магчымасці дамовіцца аб супольных дзеяннях. "Сёння прагучала тое, што ніхто, аказваецца, не ведаў, што хацеў рабіць іншы. Для мяне гэта трохі дзіўна, але, напэўна, так яно і было", — сказаў Арэшка.

Каментуючы магчымыя правакацыі, якія трэба было прадугледзець, Арэшка адзначыў, што для яго застаецца загадкай, чаму арганізатары акцыі нічога не зрабілі на гэты конт. "Вельмі падобная сітуацыя была і ў 2006 годзе. Таксама ніхто не быў рэальна гатовы да таго, што прыйдзе 30—40 тысяч чалавек. Мы заўсёды думаем у апошнюю хвіліну, а можа, нават і пасля", — падкрэсліў Арэшка.

Як і раней, беларускай апазіцыі не хапае сур`ёзнага аналізу падзей і сур`ёзнай думкі пра будучыню і стратэгію, мяркуе ён.

Робячы прагноз на наступныя палітычныя гады, сярод галоўных задач апазіцыі грамадзянскі дзеяч выдзеліў перафарміраванне апазіцыйнага поля. "Калі гэтага не адбудзецца, калі ўсё будзе паўтарацца, то вынік будзе той жа. Трэба шукаць новыя стратэгіі, прыцягваць новых людзей. Як гэта рабіць — не ўсе хочуць думаць аб гэтым сёння", — сказаў Арэшка.

БелаПАН
19 снежня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/979/11300
Текущая дата: 17.11.2024