Белорусский портал в Казахстане

"Белавія" падпісала дагаворы з амерыканскай Air Lease Corporation аб лізінгу двух самалётаў Embraer-175



Нацыянальная авіякампанія "Белавія" падпісала дагаворы аб лізінгу двух самалётаў Embraer-175 з амерыканскай кампаніяй Air Lease Corporation.

Як паведамляе прэс-служба "Белавія", згодна з умовамі дагавораў два новыя самалёты Embraer-175 з завода-вытворцы будуць перададзены на ўмовах аператыўнага лізінгу на 10 гадоў. Пастаўка першага чакаецца восенню 2012 года.

"Пасажырскія самалёты Embraer-175 сярэдняй далёкасці зоймуць месца паміж умяшчальным "Боінгам-737" і невялікім CRJ. Паветраныя судны будуць двухкласнай канфігурацыі салона: 12 месцаў у салоне бізнес-класа і 64 — у эканамкласе. Самалёты ідэальна падыходзяць для пашырэння нашай сеткі і павелічэння частотнасці рэйсаў для задавальнення попыту пасажыраў", ― сказаў генеральны дырэктар "Белавія" Анатоль Гусараў.

Эксплуатаваць самалёты плануецца на тых лініях, дзе ёсць пастаянны попыт на пралёт бізнес-класам. Гэта рэйсы ў Маскву, Лондан, Парыж, Амстэрдам і іншыя.

Зараз супрацоўнікамі "Белавія" распрацоўваецца канцэпцыя ўнутранага і знешняга афармлення самалётаў і вядзецца папярэдняя падрыхтоўка перад пастаўкай паветраных суднаў: прапрацоўваюцца пытанні падрыхтоўкі пілотаў і тэхнічнага персаналу.

У парку "Белавія" шэсць самалётаў Boeing 737-500, чатыры Boeing 737-300, адзін CRJ-100LR, тры CRJ-200LR і тры "Ту-154М".

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 7 снежня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/983/11026
Текущая дата: 17.11.2024