Белорусский портал в Казахстане

Справа пра тэракт у мінскім метро



Праваабаронцы просяць старшыню Вярхоўнага суда (ВС) Беларусі Валянціна Сукалу ўнесці пратэст на рашэнне суда аб прымяненні выключнай меры пакарання (смяротнай кары) у дачыненні да Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.

Праваабаронцы просяць кіраўніка Вярхоўнага суда Беларусі ўнесці пратэст на рашэнне аб смяротнай кары Канавалава і Кавалёва

Як паведаміў кіраўнік юрыдычнай службы РГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" Гары Паганяйла, зварот накіраваны 5 снежня. Паколькі крымінальную справу аб тэракце ў мінскім метро разглядаў Вярхоўны суд, прыгавор касацыйнаму абскарджанню не падлягае, але ў старшыні ВС ёсць права запатрабаваць справу і апратэставаць судовае рашэнне, патлумачыў Паганяйла.

"Смяротная кара з`яўляецца самым суровым з усіх відаў пакаранняў, прадугледжаных Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, — пішуць праваабаронцы. — Гэта бесчалавечнае пакаранне, якое замахваецца на жыццё чалавека. Між тым, жыццё чалавека з`яўляецца самай каштоўнай дабротай, права на яго з`яўляецца натуральным і неадчуджальным, атрыманым чалавекам з моманту яго нараджэння. Пры разглядзе крымінальных спраў аб злачынствах, за ўчыненне якіх прадугледжана прымяненне смяротнай кары, асабліва важна, каб не было аніякага сумнення ў законнасці і абгрунтаванасці прынятых рашэнняў. Пры разглядзе крымінальнай справы заўсёды існуе верагоднасць судовай памылкі".

Аўтары звароту таксама падкрэсліваюць: "Неабходна памятаць, што прызначэнне смяротнай кары — гэта права, а не абавязак суда. У сувязі з гэтым суды, кіруючыся прынцыпам гуманнасці, могуць прымяняць іншыя віды пакарання. Так, у якасці выключнай меры пакарання як альтэрнатыва смяротнай кары дапускаецца прымяненне пажыццёвага зняволення".

Нагадаем, 30 лістапада Вярхоўны суд прыгаварыў Канавалава і Кавалёва да смяротнай кары, прызнаўшы, што яны "ўяўляюць выключную небяспеку для грамадства". Канавалаў прызнаны вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, тэрарызме, спалучаным з забойствам людзей. Кавалёў прызнаны вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, неданясенні аб падрыхтоўцы асабліва цяжкага злачынства, а таксама ў дапамаганні тэрарызму.

1 снежня маці Кавалёва звярнулася да кіраўніка дзяржавы з прашэннем аб памілаванні свайго сына.

2 снежня Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў у Брэсцкай вобласці, заявіў, што рашэнне па пытанні магчымага памілавання Канавалава і Кавалёва прыме ў найбліжэйшы час. "Я павінен падпісаць указ і пацвердзіць рашэнне суда, або ж, калі звярнуліся па памілаванне, я павінен разгледзець гэтыя дакументы. Гэта самае цяжкае, што можа быць у рабоце прэзідэнта", — сказаў Лукашэнка. З аднаго боку, адзначыў ён, тое, што адбылося, для Беларусі "анамальна" і "недапушчальна" — у выніку тэракта загінулі людзі. З другога боку, дадаў Лукашэнка, ёсць бацькі асуджаных, частка грамадства, якая стала на абарону. "І вось пачынаеш усё гэта ўзважваць. Я прыму рашэнне ў найбліжэйшы час і абавязкова вас праінфармую", — паабяцаў Лукашэнка.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 5 снежня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/984/10986
Текущая дата: 17.11.2024