Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка выступае супраць паўтору "шокавай тэрапіі" 90-х гадоў



Пра гэта ён заявіў 22 лістапада на нарадзе па праектах прагнозу, бюджэту і асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2012 год.

"Але прапаноўваць тую шокавую тэрапію, якую яшчэ ў 90-я гады ўсе мы праходзілі, і на чым апякліся тады і мы, і нашы суседзі, сёння недазвольна, — цытуе дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Калі тады ў нейкай меры такая палітыка была даравальная, таму што знаходзіліся пад уплывам рознага кшталту заходніх фондаў і экспертаў, даверыліся ім, не разумеючы рэальных наступстваў, то зараз нельга наступаць на тыя ж граблі".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, сёння "нават на Захадзе шукаюць шляхі, як утаймаваць стыхіі рынку, не спыняюцца перад нацыяналізацыяй, паўсюдным узмацненнем дзяржаўнага кантролю і кіравання сацыяльна-эканамічнымі працэсамі".

"Нашы эканамічныя магчымасці і сучасныя ўмовы не дазваляюць дапускаць непрадуманых эксперыментаў, якія самым негатыўным чынам адаб`юцца на дабрабыце народа. Нельга забываць, што эканоміка не замыкаецца толькі на бізнесе і не абараняе інтарэсы толькі камерсантаў", — заўважыў Лукашэнка. "Разумнае кіраванне эканомікай — гэта выкананне балансу інтарэсаў усіх слаёў насельніцтва", — падкрэсліў ён.

Менавіта таму, паводле слоў Лукашэнкі, "патрэбна прадуманасць у прыняцці рашэнняў на дзяржаўным узроўні, улік усіх наступстваў як для эканомікі ў цэлым, гэтак і для кожнага чалавека паасобку". "Усе павінны бачыць, што палітыка нашай дзяржавы служыла і будзе служыць людзям. Ад гэтага прынцыпу нікому не дадзена адыходзіць", — заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы зазначыў, што пасля нядаўняй размовы на нарадзе па пытаннях распараджэння дзяржмаёмасці (10 лістапада. — БелаПАН.) былі грунтоўна перагледжаныя дакументы па прагнозах эканамічнага развіцця на 2012 год. "Спадзяюся, усе разумеюць, што яны павінны быць сапраўдным кіраўніцтвам да дзеяння, рэальнай мабілізуючай праграмай, абавязковай для выканання", — сказаў Лукашэнка.

"Мяне сур`ёзна непакоіць тое, што ўрад занадта захапіўся рыначнымі рэформамі і спрабуе — думаю, па неразуменні — змяняць палітыку і праграмныя ўстаноўкі, прынятыя на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе", — дадаў ён.

Сёння, паводле слоў Лукашэнкі, патрабуецца "глыбокі аналіз цяперашняй сітуацыі, для таго каб будаваць планы не на пяску, а на рэальнай глебе".

"На жаль, — зазначыў ён, — нават беглае азнаямленне са статыстыкай паказвае, што прагноз гэтага года не будзе выкананы. І па прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве жылля, і па мадэрнізацыі ёсць шмат праблем. І што найбольш трывожна — пагоршыўся дабрабыт людзей, па якіх балюча ўдарыла інфляцыя. Адкінуўшы наяўную практыку рэгулявання цэн і іншых эканамічных працэсаў, мы атрымалі негатыўныя вынікі і сур`ёзныя праблемы, для вырашэння якіх зараз трэба траціць дадатковыя намаганні і сродкі".

Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Усе мы пачалі наракаць на ўрад. Але хачу, каб усе, хто сядзіць за гэтым сталом, сталі побач з урадам і прынялі на сябе долю той крытыкі, якая была яму адрасаваная. У нас урад не з`яўляецца нейкім адасобленым органам, які праводзіць тую палітыку, якая яму ўздумаецца. Усе мы датычныя да той палітыкі, якая праводзілася і праводзіцца".

Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў: "Палітыка праводзілася правільная, і ў гэтым ключы будзе праводзіцца. Усе асноўныя крытэрыі гэтай палітыкі, асноўныя яе кірункі нам не проста вызначаныя — яны выпакутаваныя. Адыходзіць ад гэтай палітыкі нікому не дазволена. Вось рамкі, у якіх мы будзем дзейнічаць заўтра, дзейнічаем сёння і дзейнічалі ўчора".

Не спрыяе выкананню прагнозу на гэты год і наяўная сітуацыя ў банкаўскай сферы, заявіў кіраўнік дзяржавы. Асабліва гэта тычыцца кошту крэдытных рэсурсаў, дадаў ён. "Замест энергічных мер урада па эфектыўнай мабілізацыі рэсурсаў і сіл на пераадоленне негатыўных з`яў я бачу толькі дыскусіі і шматслоўныя меркаванні аб годнасцях ліберальнай мадэлі развіцця, спадзявання на радыкальныя рэформы", — заўважыў Лукашэнка.

"І ўжо зусім непрыемна здзіўляе той разнабой у дзеяннях і тыя ўкідванні ў прэсу розных страшылак, якімі яны самі сябе палохаюць", — падкрэсліў ён. "Было б яшчэ паўбяды, калі б гэта негатыўным чынам не адбівалася на стане грамадства. Папярэджваю усіх: перш за чым нешта казаць, думайце. Не забывайце аб палітычных аспектах эканамічных дзеянняў і заяў. Мы з вамі не бабкі на прызбах, а дзяржаўныя служачыя, людзі, адказныя за свае словы", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 22 лістапада 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/988/10693
Текущая дата: 17.11.2024