Белорусский портал в Казахстане

У студзені Мінінфарм заблакаваў 27 інфармацыйных рэсурсаў за неналежную рэкламу і распаўсюджванне наркотыкаў



Пра гэта паведамляе сайт Мінінфарма.

У студзені Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да 27 інфармацыйных рэсурсаў, якія размяшчалі неналежную рэкламу.

Рэсурсы заблакаваныя на падставе пісьмовых апавяшчэнняў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Акрамя таго, да двух сайтаў доступ абмежаваны з-за распаўсюджвання інфармацыі, скіраванай на рэалізацыю наркатычных сродкаў.

Як паведаміў 5 лютага на калегіі ведамства міністр Аляксандр Карлюкевіч, у 2017 годзе Мінінфарм вынес 17 пісьмовых папярэджанняў, у тым ліку сем — сродкам масавай інфармацыі і сем — інфармацыйным рэсурсам (аднаму — двойчы, аднаму — тройчы).

Было таксама выдадзена 67 загадаў аб абмежаванні доступу ў дачыненні да 166 рэсурсаў і складаных частак рэсурсаў (на 76 рэсурсах і складаных частках рэсурсаў размяшчаліся экстрэмісцкія матэрыялы, на 69 — неналежная рэклама, на 17 — інфармацыя аб рэалізацыі наркатычных сродкаў, на двух — прапаганда парнаграфіі, на адным — інфармацыя, якая можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам, яшчэ на адным рэсурсе — нецэнзурныя выразы).

Усяго з 1 студзеня 2015 года па 1 студзеня гэтага года Мінінфармам прынятыя рашэнні аб абмежаванні доступу да 533 інфармацыйных рэсурсаў і складаных частак рэсурсаў. На 57 размяшчалася інфармацыя аб рэалізацыі наркатычных сродкаў, на трох — табуяваная лексіка, на 88 — неналежная рэклама, на пяці — прапаганда парнаграфіі, на двух — інфармацыя, якая можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам, на 378 — экстрэмісцкія матэрыялы.

"Усе спрэчкі, увесь градус высвятлення адносін у частцы дакладнасці выкладзенай інфармацыі пераходзяць у прастору дзейнасці інтэрнэт-рэсурсаў. Нікому не ставіцца задача закрыць, пазбавіць доступу і іншае. Усе дзеянні звязаныя з заканадаўчай ацэнкай змястоўнай часткі тых ці іншых публікацый. Калі розныя — як дзяржаўныя, так і грамадскія — інстытуты не парушаюць закон, працуюць на кансалідацыю грамадства ў дасягненні здаровых сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных задач, то прэтэнзій да іх быць не можа", — заявіў Карлюкевіч.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 12 лютага 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/1/42539
Текущая дата: 29.03.2024