Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі медыкам у другім паўгоддзі падымуць зарплаты



Першы этап павышэння заработнай платы работнікам аховы здароўя плануецца ў другім паўгоддзі 2018 года.

Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства аховы здароўя.

Цяпер праводзіцца актыўная работа па падрыхтоўцы нарматыўнага прававога акта па гэтым пытанні. Плануецца павысіць зарплату медыцынскім і фармацэўтычным работнiкам, а таксама медыцынскім фізікам, біёлагам і хімікам, якія ўдзельнічаюць разам з медработнікамі ў аказанні высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі.

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы і ўрада Міністэрства аховы здароўя сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і Міністэрствам фінансаў прапрацоўваюць пытанні паэтапнага павышэння аплаты працы медработнікам у 2018-2025 гадах.

Памер зарплаты да 2025 года павінен павялічыцца ў два разы. Такім чынам, плануецца скараціць існуючы разрыў паміж сярэдняй заработнай платай работнікаў аховы здароўя і ў цэлым па народнай гаспадарцы.

Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, за студзень-май сярэднямесячная зарплата ў ахове здароўя склала Br701,8, што на 22 працэнты менш, чым па народнай гаспадарцы (Br901,6).

10 ліпеня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/1/44147
Текущая дата: 18.04.2024