Белорусский портал в Казахстане

Беларускія памежнікі адзначаюць актывізацыю незаконнай міграцыі ў краіны ЕС



З пачатку 2019 года адзначаецца актывізацыя супрацьпраўнай дзейнасці, звязанай з незаконным перасячэннем дзяржаўнай мяжы замежнымі грамадзянамі на польскім і літоўскім кірунках, паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт.

Так, за парушэнне дзяржаўнай мяжы Беларусі ў студзені былі затрыманыя грамадзяне Конга, Нігерыі, Ірака, Пакістана. Акрамя таго, на ўчастку беларуска-ўкраінскай мяжы выяўлена грамадзянка Туркменістана, якая спрабавала перасячы мяжу ў пункце пропуску "Весялоўка" з хітрыкамі, схаваўшыся ў гаспадарчай сумцы.

26 студзеня на ўчастку адказнасці Смаргонскай пагрангрупы ў ходзе правядзення сумесных мерапрыемстваў з літоўскімі памежнікамі быў выкрыты і спынены канал незаконнай транзітнай міграцыі ў краіны Еўрапейскага саюза грамадзян Ірака.

"Устаноўленыя і затрыманыя ўсе памагатыя і арганізатары супрацьпраўнай дзейнасці. Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі незаконнага ўезду замежнікаў на тэрыторыю Беларусі, а таксама іх наступнага незаконнага выезду", — паведамляе Дзяржпагранкамітэт.

Органам дазнання Смаргонскай пагрангрупы ў дачыненні да двух арганізатараў распачатая справа па артыкуле 371-1 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя незаконнай міграцыі). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў. Праводзяцца далейшыя следчыя і аператыўныя мерапрыемствы.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 2 лютага 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/1/46756
Текущая дата: 02.05.2024