Белорусский портал в Казахстане

Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўзмоцніць работу па недапушчэнні дэструктыўнага ўплыву на Беларусь звонку



Аб гэтым паведаміў Сяргей Церабаў, якога кіраўнік дзяржавы назначыў першым намеснікам старшыні КДБ.

Да гэтага Сяргей Церабаў быў начальнікам упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці. Замест яго гэту пасаду зойме Аляксандр Мельнікаў, раней начальнік упраўлення ўласнай бяспекі КДБ.

"Пасада першага намесніка старшыні прадугледжвае вырашэнне задач выключна ў кампетэнцыі КДБ, у ліку якіх арганізацыя контрразведвальнай дзейнасці, барацьба з тэрарызмам і шэраг іншых. З улікам гэтага напрамкі работы былі канкрэтызаваны, - расказаў Сяргей Церабаў. - Кожны год уносіць свае карэктывы. У цэлым абстаноўка стабільная, кантралюемая. Але неабходна ўлічваць усё ж такі транзітны характар нашай рэспублікі. Асноўнай задачай будзе недапушчэнне дэструктыўнага ўплыву звонку. На гэтым будуць сканцэнтраваны асноўныя намаганні ў рабоце".

Размаўляючы з кіраўніцтвам камітэта, кіраўнік дзяржавы асобна спыніўся на пытаннях барацьбы з карупцыяй. "Тут была абазначана неабходнасць здабывання вычарпальнай інфармацыі аб проціпраўнай дзейнасці фігурантаў, недапушчальнасці фармалізму, шаблоннасці ў рабоце, дубліравання задач праваахоўных органаў", - расказаў першы намеснік старшыні КДБ.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка закрануў арганізацыю кадравай работы ў камітэце. Прэзідэнт падкрэсліў, што павінна забяспечвацца пераемнасць, а ўзровень падрыхтоўкі супрацоўнікаў - пастаянна ўдасканальвацца.

Сёння таксама быў назначаны першы намеснік міністра ўнутраных спраў. Ім стаў начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Генадзь Казакевіч. Ён адзначыў, што ў структуры злачыннасці львіную долю займаюць агульнакрымінальныя злачынствы: крадзяжы, грабяжы, разбоі, забойствы, нанясенне цялесных пашкоджанняў. Таму галоўная задача, якую паставіў Прэзідэнт, - захаванне жыцця, здароўя і ўласнасці грамадзян. "У апошнія некалькі гадоў намеціліся станоўчыя трэнды зніжэння колькасці менавітах гэтых злачынстваў. Мы павінны ўсяляк гэта ўмацоўваць", - падкрэсліў Генадзь Казакевіч.

Міністэрству ўнутраных спраў трэба будзе ўзмацніць работу і ў процідзеянні карупцыі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яна павінна мець сістэмны характар. "Мы павінны займацца злачынствамі, якія наносяць найбольшую шкоду інтарэсам дзяржавы і грамадства, а не дробнай бытавой карупцыяй", - растлумачыў першы намеснік міністра.

25 лютага 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/1/51837
Текущая дата: 28.04.2024