Белорусский портал в Казахстане

Галоўны санітарны ўрач Мінска заявіла аб дамінаванні амікрон-штаму ў сталіцы



З усіх штамаў, якія цыркулююць у Мінску, на амікрон прыпадае 80 працэнтаў. Аб гэтым журналістам сёння расказала галоўны дзяржаўны санітарны ўрач сталіцы Святлана Ярмак.

"У Мінску, як і ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, назіраецца рост захворванняў на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і каранавірус. Гэта чакана. З усіх штамаў, якія былі выяўлены ў хворых, на амікрон прыпадае 80 працэнтаў. Паводле даных сусветных даследаванняў, у лютым ён заменіць іншыя, якія цыркулявалі і пераважалі ў грамадстве раней. На шчасце, ён не такі патагенны, як іншыя", - расказала Святлана Ярмак.

Яна нагадала, што да асноўных сімптомаў пры захворванні амікрон-штамам адносяцца боль у горле, чханне, насмарк, у некаторых адзначаецца нязначнае павышэнне тэмпературы, ламота і слабасць.

Галоўны спосаб абараніць сябе ад цяжкага праходжання COVID-19 – вакцынацыя. Дзякуючы ёй хвароба праходзіць значна лягчэй і хутчэй.

"Заўважылі, што з прышчэпкай грамадзяне хварэюць на каранавірус літаральна на працягу пяці дзён, пры гэтым ён праходзіць як вострая рэспіраторная інфекцыя. Дапоўню, што пасля ў тых, хто перахварэў, практычна не назіраецца ўскладненняў накшталт пнеўманіі, розных непрыемных пабочных эфектаў", - заўважыла галоўны санітарны ўрач.

Разам з тым людзям не трэба забываць пра іншыя метады прафілактыкі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. Гэта сацыяльнае дыстанцыяванне, выкарыстанне сродкаў індывідуальнай аховы органаў дыхання, гігіена рук.

27 студзеня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/1/63127
Текущая дата: 02.05.2024