Белорусский портал в Казахстане

Ад гэтага залежаў лёс людзей. Міхаіл Русы аб рашэннях Прэзідэнта ў 1990-я гады



За 30 гадоў Інстытута прэзідэнцтва ў Беларусі створана ўнікальная краіна — прыгожая, багатая, самадастатковая, паважаная.

Аб гэтым заявіў старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Міхаіл Русы ў эфіры праграмы «Рэцэпт сапраўднага беларуса» на «РТР-Беларусь».

«За 30 гадоў інстытута прэзідэнцтва, абсалютна новага падыходу да кіравання, створана ўнікальная краіна — прыгожая, багатая, самадастатковая, паважаная. І кіраўнік дзяржавы гаворыць: за 30 гадоў базу стварылі, цяпер новы паход. Мы беглі, зараз скокнуць трэба», — сказаў Міхась Русы.

Ён нагадаў словы кіраўніка дзяржавы на VII Усебеларускім народным сходзе — «Час выбраў нас!». Яны адрасаваны маладому пакаленню.

«А ў той час Прэзідэнт абраў нас. Ён прыйшоў адзін з маленькай камандай, — адзначыў Міхаіл Русы. — Дзякуючы яго падыходу, досведу, нашым намаганням захавалі гаспадаркі. Мы за гэты час стварылі аграпрамысловы комплекс, які канкуруе сёння на любым рынку па якасці, па кошце, па наглядзе і па экалагічнай бяспецы».

Міхаіл Русы ў 1990-я гады ўзначальваў камітэт па зямельнай рэформе і землеўпарадкаванні пры Савеце Міністраў. Быў вар’яцкі дэфіцыт, талоны, кіламетровыя чэргі, «мукі хапала на тры дні».

«Шлях унікальны. Кіраўнік дзяржавы адразу зрабіў стаўку на буйнатаварныя гаспадаркі, даючы магчымасць развівацца кожнаму сектару — асабістым падсобным, фермерскім гаспадаркам», — успамінае Міхаіл Русы.

Ужо на першым Усебеларускім народным сходзе была прынята пяцігадовая праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця. Вёска атрымала прыярытэт. «Ад гэтага залежаў лёс людзей, лёс краіны. І кіраўнік дзяржавы абазначыў тры пасылы, як будзем развівацца, — экспарт, жыллё, прадукты харчавання. Першае — накарміць людзей, другое — лакаматыў, які пацягнуў за сабой сельгасмашынабудаванне, нафтахімічны комплекс. У выніку ўсё спрацавала, людзі паверылі», — сказаў Міхаіл Русы.

Пытанні вырашаліся з выездам на месца. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу зрабіць так, каб усё, што можам, выраблялі самі.

Звязда, 8 снежня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/1/76148
Текущая дата: 25.12.2024