Пра гэта расказаў журналістам міністр абароны Віктар Хрэнін пасля цырымоніі ўручэння ключоў ад арэндных кватэр у Барысаве.
«Мы сістэмна і планава выйшлі на той узровень, калі забяспечваем ваенных жыллём. З моманту выдання кіраўніком дзяржавы ўказа аб забеспячэнні ваенных жыллём ім перададзена ўжо больш за 3 тыс.арэндных кватэр», — сказаў Віктар Хрэнін.
Ён таксама адзначыў, што ў Барысаўскім гарнізоне і далей будзе будавацца жыллё для ваенных. «Сёння шчаслівымі ўладальнікамі ключоў ад кватэр сталі больш за 100 ваенных. Гэта будзе не апошні здадзены дом. У цэлым па краіне будзе пабудавана і здадзена яшчэ больш за 700 арэндных кватэр для ваенных, з іх каля 300 — у Барысаўскім гарнізоне», — падкрэсліў міністр.
Акрамя таго, што людзі атрымліваюць жыллё ў арэнду, дадаў кіраўнік ваеннага ведамства, у іх яшчэ ёсць і права дадзенае жыллё потым атрымаць ва ўласнасць. «Такой магчымасцю ва Узброеных Сілах скарысталіся больш за 350 ваенных. Я думаю, што і новаспечаныя жыхары, якія сёння атрымалі ключы ад кватэр, скарыстаюцца таксама такім правам, калі наступяць падставы», — упэўнены Віктар Хрэнін.
Таксама міністр расказаў, што сёння на планавай аснове праходзіць развіццё інфраструктуры, асабліва ў ваенных гарадках. «Зусім нядаўна ў гэтым жа гарнізоне мы прэзентавалі гарадок для ваенных дзе створаны нармальныя ўмовы для жыцця, каб ваенныя маглі выконваць свае задачы. У нашай краіне дзейнічае план уладкавання ваенных гарадкоў, таксама захоўваецца і план удасканалення інфраструктуры ваенных гарадкоў ва Узброеных Сілах. А ад нас, людзей у пагонах, дзяржава і народ чакаюць адпаведнай аддачы. І наша галоўная задача — забяспечыць мір, стабільнасць, спакой у нашай краіне», — рэзюмаваў кіраўнік ваеннага ведамства.
Звязда, 22 лютага 2025
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/1/77168
Текущая дата: 24.02.2025