Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка: мяне непакоіць не ўлада - я проста не хачу, каб краіну парэзалі на кавалкі



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выказваючыся сёння аб сітуацыі ў краіне, заявіў журналістам, што яго непакоіць не ўлада - ён проста не хоча, каб альтэрнатыўныя сілы парэзалі на кавалкі краіну.

"Я непакоюся толькі па адной прычыне: хачу абараніць тое, што мы стваралі чвэрць стагоддзя сваімі рукамі. Мы з руін і попелу паднялі гэту краіну", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што яго падтрымліваюць мільёны людзей, і ён апасаецца, што калі альтэрнатыўныя сілы прыйдуць да ўлады, то парэжуць усё на кавалкі, пачнуць рэзаць гэтых людзей і іх дзяцей.

"Вось што мяне больш за ўсё непакоіць. Не ўлада, як у Расіі некаторыя гавораць: "Лукашэнка пасінелымі пальцамі трымаецца за ўладу". Я не хачу, каб парэзалі на кавалкі маю краіну, якую я ляпіў на абломках імперыі, і не хачу, каб парэзалі сумленных, прыстойных людзей, якія працавалі на гэта. Гэта будзе не люстрацыя, як некаторыя гавораць. Гэта будзе разня. І тое, што здарылася ва Украіне, будзе толькі кветачкамі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы пра пэўных чыноўнікаў, якія вырваліся цяпер у так званы каардынацыйны савет, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў любым грамадстве хапае такіх людзей. Прэзідэнт заявіў, што заўсёды "стараўся ставіцца да іх па-бацькоўску" і падтрымліваў на кар`ерным шляху.

"Потым падалося, што ўлада нахілілася, а можа, ужо і недзе рухнула. І не таму, што ён нарэшце прачнуўся або маці яму вочы раскрыла. Не. Ён убачыў, што гэта ўлада, напэўна, рухне - трэба бегчы ў іншую. Вось ён і пабег. За чвэрць стагоддзя ў мяне такіх выпадкаў няхай і няшмат, але было. Няшмат, таму што ўлада заўсёды была цвёрдая, а цяпер ім у віртуальным свеце падалося, што ўлада ледзь ці не ляжыць, таму можна аб Лукашэнку ногі выцерці", - сказаў Прэзідэнт.

Некаторыя з такіх чыноўнікаў увайшлі ў так званы каардынацыйны савет і адкажуць за сваю дзейнасць там па законе, дадаў кіраўнік дзяржавы.

"Па фактах захопу ўлады ўзбуджана крымінальная справа. Вось ён і адкажа па законе, і схавацца нідзе не зможа, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Ёсць і іншыя, якіх мы своечасова разгледзелі і адправілі каго на спачынак, каму проста прапанавалі займацца бізнесам. Яны таксама неадкрыта, але недзе "посцяцца".

На сітуацыі ў краіне "хайпанулі" і некаторыя журналісты, лічыць Прэзідэнт. На яго думку, яны загадзя прынялі рашэнне пакінуць свае тэлеканалы і проста чакалі моманту, каб вярнуцца ўжо на нагрэтыя месцы.

"І не трэба прыдумваць, што пайшла нейкая хваля - кагосьці пакрыўдзілі, кагосьці збілі. Не ў гэтым справа. Яны даўно ведалі, што трэба рабіць. Няхай робяць, мы ім далі свабоду", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

1 верасня 2020, Баранавічы
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/102/55861
Текущая дата: 26.11.2024