Белорусский портал в Казахстане

Экс-намеснік дзяржсакратара Савета Бяспекі Беларусі Андрэй Уцюрын прысуджаны да 12 гадоў пазбаўлення волі



Вярхоўны суд прыгаварыў экс-намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэя Уцюрына да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Суд прызнаў Уцюрына вінаватым у атрыманні і падбухторванні да дачы хабару (ч. 3 арт. 430 КК і ч. 5 арт. 16, ч. 2 арт. 431 КК). Па сукупнасці злачынстваў суддзя пастанавіў прызначыць Уцюрыну 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, прысудам суда былы намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі пазбаўлены звання палкоўніка, яму таксама забаронена на працягу пяці гадоў займаць пэўныя пасады.

Андрэй Уцюрын з верасня 2014 па красавік 2019 года быў намеснікам дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі, з лістапада 2014-га яшчэ і членам калегіі МУС. Як паведамлялася, ён абвінавачваўся ў атрыманні не менш як $ 9 тыс. ад дырэктара «ТТ-Связьком» Уладзіміра Томчанкі і $ 183 тыс. — ад прадстаўнікоў кампаній «Смартлабс» і «УГМК-Тэлекам» расіян Уладзіміра Казанцава і Віталя Гарбачова. Акрамя таго, паводле матэрыялаў справы, у студзені 2019-га ён падбухторваў Казанцава да дачы хабару тагачаснаму гендырэктару «Белтэлекама» Сяргею Сівадзедаву.

Затрымалі Уцюрына 21 красавіка 2019 года пасля сустрэчы з яго сябрам Гарбачовым. Тады ў рэстаране пад Мінскам расіянін перадаў яму больш за $148 тыс. Гарбачоў быў затрыманы там жа.

Сваю віну Уцюрын раней на судзе прызнаваў, аднак паказваў, што ў яго «ёсць сумненні ў асобных пытаннях кваліфікацыі» яго дзеянняў. Ён распавядаў, што браў грошы ў свайго сябра Гарбачова па дамове пазыкі. Дзяржабвінавачанне палічыла, што фактычна Уцюрын сваю віну не прызнаў.

Звязда, 27 ліпеня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/108/54871
Текущая дата: 05.11.2024