Услед за электрамабілямі, якія сёння вельмі шырока папулярызуюцца, краіна паступова павялічвае аб`ёмы будаўніцтва электрадамоў.
Яно і зразумела: хутка пачне дзейнічаць беларуская атамная электрастанцыя і з`явіцца магчымасць скарыстацца таннейшым палівам. Вучоныя НАН Беларусі ўпэўнены, што будаўніцтва цалкам электрыфікаваных дамоў дазволіць сэканоміць на ўзвядзенні інжынерных камунікацый і знізіць кошт такога жылля на 15 %. Электрычных дамоў у краіне пакуль адзінкі, але мы толькі на пачатку гэтага шляху. Нядаўна першы электрадом з`явіўся і ў Магілёве.
Ён месціцца ў адным з самых маляўнічых раёнаў горада — непадалёк ад цэнтра на вуліцы Вароўскага. Глядзіш на яго і разумееш, што калі б будаўнікам давялося цягнуць сюды цеплатрасу і газаправод, метр быў бы залатым. Мясцовасць даволі ўзгорыстая, вакол у асноўным прыватнае жыллё. У цагляным трохпавярховіку 24 адна- і двухпакаёвыя кватэры, але яны пакуль не заселеныя. Дом будзе арэндны, і кватэры тут змогуць зняць грамадзяне льготных катэгорый або работнікі сацсферы.
Электрадом — эксперыментальная распрацоўка ААТ «Магілёўграмадзянпраект». Дарэчы, гэта не адзіны прагрэсіўны праект арганізацыі. Сярод іншых — інавацыйныя школа і паліклініка ў Казіміраўцы, аб`язная траса-дублёр, якая будуецца ў Магілёве. Нездарма таварыства па выніках работы за мінулы год занесена на абласную Дошку гонару.
— Электрычны дом — наогул першы вопыт і для нас, і для ўсёй Магілёўскай вобласці, — паведаміў галоўны інжынер ААТ Кірыл Гаршкоў. — Калі мы пачыналі яго праектаваць, не было яшчэ развітай нарматыўнай базы, якой можна было б скарыстацца. Гэта цяпер становіцца больш прапаноў і магчымасцяў — база пашыраецца, з`яўляюцца дадатковыя нарматывы, і ёсць магчымасць выбіраць тыя ці іншыя рашэнні.
Электрадом прынцыпова адрозніваецца ад тых, што падключаны да цэнтралізаванай сістэмы. Да яго падведзена толькі халодная вада. Ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне прадугледжаныя пакватэрна, у пакоях замест батарэй стаяць сучасныя кварцава-алівінавыя электраабагравальнікі беларускай вытворчасці, зробленыя з інавацыйных матэрыялаў і па перадавых тэхналогіях, а ў санвузле або на кухні — электраводанагравальнікі. Кожны жыхар можа рэгуляваць градус пад сябе. Улік электраэнергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння вядзецца па асобным лічыльніку. Яшчэ адзін прадугледжаны для таго, каб улічваць спажыванне электрычнасці бытавымі электрапрыборамі. Кантроль і ўлік ажыццяўляюцца аўтаматычна, адразу з вывадам інфармацыі ў арганізацыі энергазабеспячэння.
На выпадак форс-мажорнай сітуацыі дом падключаны да дзвюх розных трансфарматарных падстанцый. Калі адна перастае працаваць, аўтаматычна падключаецца другая. Спецыялісты гарантуюць, што электрадом цалкам бяспечны для пражывання.
— Усё выканана з зазямленнем, — кажа галоўны інжынер. — Акрамя таго, стаяць спецыяльныя аўтаматычныя прылады на выпадак кароткага замыкання — яны спрацуюць і адключаць усю электрычнасць.
У месцах агульнага карыстання ўстаноўлены аўтаматычныя энергазберагальныя свяцільні, ёсць сістэма відэаназірання за прыдамавой тэрыторыяй. Побач з домам — некалькі гульнявых пляцовак з дзіцячым абсталяваннем і трэнажорамі для заняткаў спортам.
— Паколькі ў нас уводзіцца АЭС, будаваць электрычныя дамы перспектыўна, — лічыць суразмоўца. — Мы будзем выкарыстоўваць энерганосьбіт беларускай вытворчасці, а значыць, перастанем залежаць ад знешніх фактараў — цэн на тыя ж газ і нафту.
Яшчэ адзін электрадом закладзены ў Магілёве на праспекце Шміта. Яго будаўніцтвам, які і першага, займаецца будтрэст № 12.
— Гэтыя дамы ўзводзіць нават крыху прасцей за кошт таго, што для іх ацяплення не трэба рабіць разводку з труб. Радыятары працуюць ад правадоў. Гэта спрашчае і патанняе працэс, — адзначае намеснік галоўнага інжынера будтрэста № 12 Юрый Міхатулін.
Налета будаўніцтва электрадамоў у рэгіёне працягнецца.
— З улікам уводу ў эксплуатацыю БелАЭС актуальнасць электражылля вельмі вялікая, — перакананы начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Аляксандр Баргацін. — Для нас такія дамы пакуль навінка, таму мы нейкі час будзем маніторыць, як у іх жывецца людзям. Цікава, якім будзе фактычнае спажыванне электраэнергіі на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне, колькі гэта будзе каштаваць у параўнанні з традыцыйнымі дамамі — тымі, што на цэнтральным ацяпленні. Калі ад жыхароў паступяць нейкія слушныя заўвагі, іх можна будзе ўнесці ў праектную дакументацыю, каб удасканаліць яе. Будаўніцтва электрычных дамоў дапаможа знізіць газавы складнік у вытворчасці цяпла. Сёння яго доля складае больш чым 80 %. Адмовіцца ад газу на ўсе 100 % не атрымаецца, таму што ёсць тэхналогіі, дзе без яго не абысціся. Але у нас з`явіўся выбар. Магчыма, жыць у доме з электраацяпленнем будзе не нашмат танней, чым з цэнтралізаваным, але плюс ужо ў тым, што можна рэгуляваць тэмпературу пад сябе. А на гэтым таксама можна сур`ёзна сэканоміць.
Аўтар: Нэлi Зігуля
Звязда, 31 ліпеня 2020
Звязда, 31 ліпеня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/110/55133
Текущая дата: 05.11.2024