Белорусский портал в Казахстане

Беларусь прыцягвае гранты фондаў NDEP і E5P для паляпшэння якасці вады ў 7 гарадах



Адпаведныя пагадненні падпісаны 27-га липеня ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Беларусь прыцягвае гранты фондаў Экалагічнага партнёрства Паўночнага вымярэння (NDEP) і Усходнееўрапейскага партнёрства па пытаннях энергаэфектыўнасці і экалогіі (E5P) для паляпшэння якасці вады ў сямі гарадах. 

Асноўнае фінансаванне па праекце "Рамачная праграма па водным сектары Беларусі, трэці этап" прадугледжана за кошт крэдытных сродкаў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў памеры 26,8 млн еўра. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на рэканструкцыю сістэм водазабеспячэння, водаадвядзення і ачысткі сцёкавых вод у гарадах Клецк, Любань, Фаніпаль, Баранавічы, Бяроза, Жлобін, Шклоў. Запланаваны тэрмін рэалізацыі мерапрыемстваў - 2020-2024 гады.

Сёння падпісаны пагадненні аб прыцягненні дадатковага фінансавання - грантавых сродкаў ад Экалагічнага партнёрства Паўночнага вымярэння (NDEP) і Усходнееўрапейскага партнёрства па пытаннях энергаэфектыўнасці і экалогіі (E5P).

Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель звярнуў увагу на тое, што Беларусь з`яўляецца ўдзельніцай многіх канвенцый па ахове навакольнага асяроддзя, а таксама ставіць перад сабой задачы па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Адна з такіх мэт - забеспячэнне насельніцтва якаснай вадой, чаму будзе садзейнічаць праект па ачыстцы сцёкавых вод.

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель адзначыў, што абодва фонды створаны дзякуючы ініцыятывам Еўрасаюза, пры гэтым ЕС з`яўляецца самым значным донарам.

"Мы рады, што гэты праект дапаможа фінансаваць ачышчальныя збудаванні ў невялікіх населеных пунктах. Праект павысіць якасць асноўных паслуг насельніцтву і таксама прынясе эканамічную карысць трансгранічнага характару", - лічыць Дзірк Шубель.

27 ліпеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/112/54873
Текущая дата: 27.11.2024