У Прыдзвiннi многае зроблена, каб узровень дыягностыкi, лячэння i рэабiлiтацыi быў адным з найлепшых у Еўропе. Толькi сёлета на рэканструкцыю i мадэрнiзацыю бальнiц, палiклiнiк, амбулаторый выдаткавана каля 19,5 мiльёна рублёў.
Напрыклад, добрым падарункам да юбiлею Вялiкай Перамогi не толькi ветэранам вайны стаў адрамантаваны корпус абласнога шпiталя для iнвалiдаў у Юрцаве, што на Аршаншчыне. У гэтым жа раёне ў Баранi завяршылi капрамонт рэабiлiтацыйнага бальнiчнага аддзялення.
Дарэчы, у самiм райцэнтры ў спальным мiкрараёне Задняпроўе налета пачнуць будаваць палiклiнiку. Праектныя работы ўжо вядуцца, адпаведнае фiнансаванне — каля 500 тысяч рублёў — выдзелена.
Паводле слоў начальнiка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Вiцебскага аблвыканкама Мiхаiла Вiшнявецкага, у Оршы, а таксама ў абласным цэнтры, Полацку i Наваполацку ажыццяўляецца праект «Клапатлiвая палiклiнiка». Адна з яго мэт — максiмальная эканомiя часу пацыентаў пры найбольш эфектыўным абслугоўваннi.
На поўначы краiны актыўна ўкараняецца трэнд беларускай медыцыны — становiцца ўсё больш пунктаў участковай агульнаўрачэбнай практыкi. У гэтым кiрунку ўжо цалкам працуюць прыгранiчныя з ЕС Шаркаўшчынскi, Браслаўскi i Пастаўскi раёны. А ў Верхнядзвiнску нават функцыянуе ўнiкальная палiклiнiчная ўстанова, якая была пабудавана для «ўнiверсальных» урачоў i iх памочнiкаў. Яны ж становяцца ўсё больш мабiльныя, каб не проста даехаць куды трэба да пацыентаў з маланаселеных i аддаленых вёсак, а рабiць гэта рэгулярна. Такiм чынам здымаецца нагрузка са службы «103». «Дэсант медыкаў» паралельна можа рабiць прышчэпкi, забяспечваць лекамi, прыборамi кантролю за станам здароўя. Гэта вельмi зручна для працуючых вяскоўцаў: дзякуючы гасцям у белых халатах можна будзе, нiкуды не выязджаючы, прайсцi медыцынскi агляд на месцы.
Арганiзавана эфектыўная дзейнасць перасоўнага медыцынскага дыягнастычнага комплексу.
У Прыдзвiнскiм краi каля 70 мiжраённых медыцынскiх цэнтраў, аддзяленняў i кабiнетаў, 13 абласных спецыялiзаваных.
У правiнцыi навучылiся рабiць тое, што параўнальна нядаўна магчыма было толькi ў сталiцы. Засвоена вялiкая колькасць аперацый у кардыяхiрургii, нейрахiрургii, мiкрахiрургii вока, якiя выконваюцца на ўзроўнi рэспублiканскiх навукова-практычных цэнтраў.
У Вiцебскай абласной клiнiчнай бальнiцы функцыянуе аддзяленне планавай рэнтгенаваскулярнай дапамогi i складаных парушэнняў рытму на 25 ложкаў, з якiх шэсць — iнтэнсiўнай тэрапii. У вынiку смяротнасць ад хвароб сiстэмы кровазвароту на працягу апошнiх пяцi гадоў нiжэйшая за сярэднерэспублiканскiя значэннi. Колькасць выпадкаў захворвання на востры каранарны сiндром у 2019 годзе знiзiлася на 16,2 %. Пасля вострага iнфаркту мiякарда каля 97,3 % пацыентаў дзякуючы добрай стацыянарнай рэабiлiтацыi могуць працаваць далей на ранейшых пасадах. Безумоўна, гэта важна для эканомiкi.
Наогул, мясцовая ўлада добра разумее, што iнвестыцыi ў здароўе i актыўнае даўгалецце — тое, што акупляецца з добрымi «дывiдэндамi», калi так можна сказаць пра клопат аб самаадчуваннi людзей.
Аўтар: Аляксандр Пукшанскі
Звязда, 17 ліпеня 2020
Звязда, 17 ліпеня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-1/113/54672
Текущая дата: 05.11.2024